Каля сотні падлеткаў возьмуць удзел 10 верасня ў гарадскім велатурніры "Перамога" у Віцебску

8 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Гарадскі велатурнір "Перамога", прысвечаны 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, збярэ 10 верасня навучэнцаў віцебскіх школ, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім гарадскім камітэце БРСМ. Каля 100 падлеткаў старэйшых класаў, а таксама ўсе ахвотныя маладыя людзі збяруцца ў Летнім амфітэатры, каб у пачатку навучальнага года асвяжыць свае веды правілаў дарожнага руху, паспаборнічаць у іх тэарэтычным валоданні і практычным майстэрстве кіравання роварам. Юныя раварысты будуць спаборнічаць у манеўраванні сярод перашкод, хуткасным кіраванні, інтэлектуальнай віктарыне і конкурсе "Сітуацыя на дарозе". Турнір будзе праходзіць у дзвюх узроставых катэгорыях: падлеткі 14-15 гадоў і 16-17 гадоў. Пераможцаў у кожнай з іх назавуць непрадузятыя інспектары ДАІ. Мерапрыемства заклікана нагадаць школьнікам аб адказнасці за свае паводзіны на дарозе, павысіць іх веды правілаў дарожнага руху. Яно праводзіцца ў рамках чарговага этапу рэспубліканскай акцыі "Разам за бяспеку і правапарадак", якая праходзіць з 30 жніўня па 12 верасня. Арганізатарамі велатурніру выступаюць Віцебскі гарадскі камітэт БРСМ і ўпраўленне ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама.-0-