Прыкладна траціна квіткоў на мерапрыемствы «Славянскага базару» рэалізуюцца праз турфірмы

11 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Прыкладна 30% білетаў на мерапрыемствы фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" рэалізуюцца праз турыстычныя фірмы, паведаміў сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, генеральны дырэктар цэнтра культуры "Віцебск", дырэктар дырэкцыі фестывалю Радзівон Бас. На яго думку, праца з турыстычнымі фірмамі мэтазгодная, аднак некаторыя турыстычныя кампаніі ў парушэнне закона павышаюць цэны на білеты на фестывальныя мерапрыемствы, тым самым атрымліваючы дадатковы даход. Радзівон Бас падкрэсліў недапушчальнасць такой практыкі. "Цана на білет сфарміравана. Дадатковы даход турфірма павінна атрымліваць ад турыстычных паслуг: арганізацыі экскурсій, пражывання", - катэгарычна заявіў ён. Па словах выканаючай абавязкі начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Ларысы Аленскай, у цяперашні час аблвыканкам разглядае пытанне мэтазгоднасці аб'яўлення генеральнага туроператара фестывалю. Магчыма, турыстычныя кампаніі, як айчынныя, так і замежныя, атрымаюць магчымасць наўпрост працаваць з дырэкцыяй фестывалю. У бліжэйшы час запланаваны азнаямленчы тур прадстаўнікоў расійскага турыстычнага бізнесу ў перадфестывальны Віцебск.-0-