Каля тысячы паломнікаў чакаецца ў Росіцы Верхнядзвінскага раёна на ўрачыстасцях у гонар мясцовых ксяндзоў-мучанікаў

Около тысячи паломников ожидается в Росице Верхнедвинского района на торжествах в честь местных ксендзов-мучеников

Каля тысячы паломнікаў і гасцей прыме невялічкае мястэчка Росіца Верхнядзвінскага раёна 7-8 жніўня на ўрачыстасцях у касцёле Святой Тройцы ў гонар благаслаўлёных пакутнікаў Антонія Ляшэвіча і Юрыя Кашыры, паведаміў настаяцель касцёла, ксёндз Часлаў Курачко.

У гады Вялікай Айчыннай вайны два ксяндзы прынялі пакутніцкую смерць разам са сваімі прыхаджанамі. Дні памяці благаслаўлёных, якія кананізаваны каталіцкай царквой за подзвіг у імя веры, праходзяць два разы на год (у лютым і жніўні) і збіраюць у Росіцы паломнікаў з Беларусі, блізкага і далёкага замежжа. Напрыклад, на ўрачыстасці ў лютым гэтага года памінальная служба ў касцёле Святой Тройцы сабрала больш за 300 гасцей з Верхнядзвінскага раёна, Мінска, Віцебска, Полацка, Глыбокага, Мёраў, Барысава, Жодзіна. Асаблівую значнасць ёй надаў візіт Апостальскага нунцыя ў Беларусі архіепіскапа Клаўдзіа Гуджэроці.

Улетку, па словах ксяндза Часлава, пілігрымаў заўсёды больш. Многія, напрыклад, з Полацка і Барысава, дабіраюцца пешшу. Чакаюцца дзве веласіпедныя групы з Жодзіна і Мінска, дзясяткі аўтобусаў з усёй Віцебскай вобласці і іншых рэгіёнаў краіны. Таксама прыедуць студэнты духоўнай семінарыі з Польшчы. Будзе арганізаваны дадатковы аўтобусны рэйс з Верхнядзвінска да Росіцы і назад.

Духоўныя мерапрыемствы пачнуцца 7 жніўня ў 18.00 з радаснай службы для пілігрымаў і працягнуцца малітоўнай праграмай. Пасля начной літургіі працэсія вернікаў з паходнямі пройдзе да месца гібелі пакутнікаў, дзе ўсталяваны высокі крыж, і адбудзецца памінанне спаленых у гады вайны ксяндзоў і жыхароў вёскі з малітвай і напутнымі словамі кіраўніка Віцебскай епархіі Алега Буткевіча. 8 жніўня малітоўная праграма працягнецца, другая вялікая служба ўрачыстасцей пачнецца ў 12.00.

Кацярына Князева, БЕЛТА.