Каля тысячы школьнікаў прыехалі ў Віцебск на галоўную ёлачку вобласці (+ фота)
Інтэлектуалы-выдатнікі, тытулаваныя чэмпіёны, юныя артысты, якія, нягледзячы на ўзрост, ужо паспелі атрымаць прызнанне публікі і журы прэстыжных міжнародных конкурсаў, і проста тыя, хто паспяхова праявіў сябе ва ўжо мінулым годзе, стаў прыкладам для аднагодкаў, – агулам 950 дзяцей, сярод якіх ёсць і выхаванцы дамоў-інтэрнатаў, атрымалі запрашэнні на галоўную ёлку вобласці.
Да пачатку прадстаўлення хлопчыкі і дзяўчынкі гулялі з шматлікімі казачнымі героямі ў холе Канцэртнай залы «Віцебск», танцавалі, рабілі навагоднія падарункі ў «Творчай майстэрні Дзеда Мароза», а затым з задавальненнем акунуліся ў дзівосна добрую атмасферу класічнай зімовай казкі «Шчаўкунок».
Разам з героямі чароўнай гісторыі Майстра механічных цацак, дзяўчынкай Мары і прынцам Шчаўкунком дзеці шукалі арэх Кракатук, здольны выканаць любое жаданне, бясстрашна змагаліся з мышыным войскам і радаваліся цудоўнаму ператварэнню драўлянай цацкі ў прыгожага адважнага юнака.
Павіншаваць дзяцей прыйшлі прадстаўнікі ўлады – старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін.
– Новы год – гэта самы доўгачаканы, любімы і цёплы, нават нягледзячы на мінусавую тэмпературу за акном, свята, якое заўсёды суправаджаецца водарам елкі і мандарынаў. У гэты час мы ўсе чакаем чагосьці яркага, добрага. Тут, у канцэртнай зале, сабраліся лепшыя з лепшых. Вы – залог нашай светлай будучыні. Наша задача – зрабіць так, каб гэтае свята вам спадабалася і запомнілася надоўга, – звярнуўся да дзяцей Уладзімір Церанцьеў.
Уладзімір Уладзіміравіч успомніў галоўныя падзеі мінулага 2016-га, абвешчанага ў нашай краіне Годам культуры, – святкаванне юбілеяў класікаў беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, Кандрата Крапівы, Івана Мележа і Івана Шамякіна, вядомага песняра Уладзіміра Мулявіна. Таксама ён адзначыў знакавыя мерапрыемствы і праекты ў творчым жыцці Віцебшчыны, сярод якіх 90-годдзе Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа, 25-годдзе Беларускага тэатра «Лялька», юбілей Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар».
– Наступаючы 2017-ы будзе Годам навукі, і нягледзячы на тое, што вы пакуль яшчэ знаходзіцеся за школьнай партай, многія з вас паказваюць сур'ёзныя вынікі. 70 дзяцей атрымалі ўзнагароды на рэспубліканскіх прадметных алімпіядах, чацвёра – сталі прызёрамі на міжнародным узроўні, 107 нашых юнакоў і дзяўчат з'яўляюцца стыпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай і адоранай моладзі, – падкрэсліў кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны і дадаў, што выдатна сябе праявілі юныя прыдзвінцы і на спартыўных арэнах і ў творчых конкурсах. Так, аршанец Міхей Навуменка стаў чэмпіёнам Еўропы па шахматах, «серабро» сусветнага першынства па каратэ заваявала Лаліта Масалава, а Дзмітрый Дзянісаў апярэдзіў у прэстыжных турнірах па в'ет во дао. Анастасія Гафарава засвяціла на міжнародным конкурсе чытальнікаў. Радуюць поспехі піяністак Анастасіі Пярог і Дар'і Ізмайлоўскай, танцора Ягора Кудры.
Уладзімір Уладзіміравіч таксама сказаў, што з боку органаў улады робіцца ўсё, каб для падрастаючага пакалення былі створаны неабходныя ўмовы для жыцця, навучання і развіцця здольнасцей: адкрываюцца новыя і рэканструююцца існуючыя ўстановы адукацыі,
уводзяцца спартыўныя аб'екты. Прыкладам, у 2016 годзе адкрылі дзверы для наведвальнікаў Палац гульнявых відаў спорту ў Оршы, спартыўна-аздараўленчы комплекс у Сянно, басейн і спортзал у Шуміліне, цэнтр для заняткаў цяжкай атлетыкай у Віцебску, пачала працаваць і першая чарга спартыўна-культурнага комплексу ў Ліёзне, шмат што запланавана зрабіць і ў наступным годзе. Таксама старшыня аблсавета выказаў надзею, што і ў 2017-м рабяты будуць праслаўляць родную Віцебшчыну, радаваць бацькоў і педагогаў сваімі дасягненнямі і поспехамі.Наталля Камлёва. Фота Дзмітрыя ОСІПАВА - «Віцебскія весці» і фота БЕЛТА.