Каля тысячы супрацоўнікаў Віцебскага ПЛХА ахоўваюць лясы ад незаконных высечак елкі
27 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля тысячы супрацоўнікаў Віцебскага абласнога вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання (ВВА) ахоўваюць лясы ад незаконных высечак елак. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аб'яднанні.
Патруляванне лясоў ажыццяўляецца як работнікамі лясгасаў, так і рэйдавымі групамі сумесна з прадстаўнікамі падраздзяленняў абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, падатковай інспекцыі, ДАІ, абласной інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету і іншых зацікаўленых ведамстваў.
З 27 снежня ўзмацняецца кантроль у лясах Віцебскага, Шумілінскага, Лёзненскага і Сенненскага раёнаў. Назіранне працягнецца аж да 1 студзеня.
Усяго, пачынаючы з 10 снежня, у рэгіёне арганізавана 59 пастоў аховы, праведзена 135 рэйдаў. За гэты час за незаконную высечку навагодніх елак складзена 3 адміністрацыйных пратаколы. Нязначная колькасць парушальнікаў сведчыць аб павышэнні прававой адказнасці насельніцтва, адзначылі спецыялісты.
Ёлачныя базары прыступілі да працы ва ўсіх гарадах і райцэнтрах Віцебскай вобласці з 18 снежня. У абласным цэнтры вызначана 15 месцаў продажу. Кошт дрэва да 1 м складае Br10 тыс., 1-2 м - Br15 тыс., 2-3 м - Br20 тыс., 3-4 м - Br35 тыс., 4-5 м - Br60 тыс. Усяго сёлета лясгасы рэгіёну плануюць рэалізаваць 40 тыс. елак і соснаў, 200 елавых і сасновых букетаў (іх кошт складзе ад Br3 тыс. да Br5 тыс.), а таксама 100 блакітных елак у кадках. Па стане на 27 снежня, ужо рэалізавана больш за 20 тыс. дрэў, асноўную частку з якіх складаюць елкі. Продаж дрэў будзе весціся па 31 снежня.-0-