Каля Br150 млрд. будзе дадаткова накіравана на развіццё аховы здароўя ў Віцебскай вобласці

25 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Каля Br150 млрд. будзе дадаткова накіравана на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы аховы здароўя ў Віцебскай вобласці ў 2010 годзе. Пра гэта паведаміў сёння на пасяджэнні аблвыканкама яго старшыня Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Матэрыяльная база ўстаноў аховы здароўя рэгіёна адстае ад патрабаванняў часу. Першачарговымі аб'ектамі 2010 года стануць размешчаныя ў Віцебску абласная клінічная бальніца, дзіцячая абласная бальніца, інфекцыйная клініка. "Адставанне медыцыны ў горадзе, дзе ёсць медыцынскі ўніверсітэт - недапушчальна", - лічыць Аляксандр Косінец. Старшыня аблвыканкама даручыў упраўленню аховы здароўя напярэдадні размеркавання выпускнікоў медвуза распрацаваць эфектыўную сістэму забеспячэння кадрамі раённых бальніц і сельскіх амбулаторый. Абласным анкалагічнаму, скурна-венералагічнаму і іншым дыспансерам неабходна забяспечыць арганізацыйна-метадычную падтрымку перыферыйным лячэбным установам. Колькасць зваротаў грамадзян у Віцебскі аблвыканкам, якія тычацца пытанняў аховы здароўя, у 2009 годзе ўзрасла ў параўнанні з папярэднім на 30,6%. У зваротах грамадзян выкладзены пытанні арганізацыі лячэння ў стацыянарах і паліклініках, забяспечанасці кадрамі мед устаноў, стану матэрыяльна-тэхнічнай базы. Кожны шосты зварот грамадзян прызнаны абгрунтаваным.-0-