Акцябрскай сярэдняй школе Віцебскага раёна прысвоілі імя Героя Савецкага Саюза Івана Сабалева

Сёння старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў уручыў дырэктару Акцябрскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Юліі Церанцьевай пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі і прысваенні навучальнай установе імя Героя Савецкага Саюза Івана Собалева.

 

Іван Собалеў зрабіў усё ад яго залежнае, каб дапамагчы вызваліць нашу зямлю ад фашызму. Ды і ў мірныя гады ён нязменна стаяў на варце інтарэсаў роднай краіны.

Нарадзіўся Іван Паўлавіч у 1907 годзе ў вёсцы Шапуры Віцебскага раёна ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння сямігодкі працаваў у Віцебску на інструментальным заводзе. Адслужыў у Чырвонай Арміі, у 1931-м скончыў Ленінградскае ваенна-інжынернае вучылішча. Пасля гэтага трапіў у Кіеўскую ваенную акругу, у 1939 годзе ўдзельнічаў у вызваленні Заходняй Украіны.

З першых дзён Вялікай Айчыннай ваяваў на фронце. Прымаў удзел у баях на тэрыторыі Украіны, быў цяжка паранены, але яго выхадзілі мясцовыя жыхары. Камандзір 19-га асобнага мотамеханізаванага пантонна-маставога батальёна падпалкоўнік Іван Собалеў забяспечваў арганізацыю перапраў і фарсіраванне нашымі войскамі водных рубяжоў ад Сталінграда да Берліна і Прагі. Асабліва вызначыўся ў верасні 1943-га пры фарсіраванні ракі Дняпро. Пасля чаго Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 26 кастрычніка 1943 года за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм Івану Собалеву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Пасля заканчэння вайны Іван Пятровіч працягнуў службу ў арміі. У 1955-м у званні палкоўніка сышоў у адстаўку. Жыў і працаваў у Віцебску, узначальваў гарадскі і абласны саветы ветэранаў, займаўся ваенна-патрыятычным выхаваннем моладзі.

Пра яго і іншых абаронцаў Радзімы, чые лёсы цесна звязаны з Віцебскім раёнам і яго вызваленнем ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, распавядае экспазіцыя музейнага пакоя, прысвечанага гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, што адкрыўся сёння ў Акцябрскай СШ. Чырвоную стужку ва ўрачыстай абстаноўцы перарэзалі Уладзімір Церанцьеў, старшыня Віцебскага райвыканкама Генадзь Сабыніч і дырэктар школы.

Стваралася выстава не на пустым месцы, у аснову леглі матэрыялы Музея народнай славы, які існаваў ва ўстанове адукацыі ў мінулым стагоддзі, растлумачыла настаўніца гісторыі Таццяна Дзіклава. З тых часоў, напрыклад, засталіся лісты ветэранаў, перапіска з роднымі савецкіх воінаў, якія загінулі на тэрыторыі Віцебскага раёна і пахаваны на брацкіх могілках у вёсцы Шапуры. Захаваныя экспанаты дапоўнілі новымі, і цяпер музейны пакой дапаможа знаёміць падрастаючае пакаленне з падзеямі мінулага, выхоўваць школьнікаў сапраўднымі патрыётамі, якія ведаюць гістарычную праўду.

– Мы адрадзілі добрую традыцыю, якая прыйшла з Савецкага Саюза, – ушанаванне памяці нашых герояў шляхам прысваення іх імёнаў навучальным установам, – адзначыў Уладзімір Церанцьеў. – Хацелася б сказаць пра флагманскую ролю Віцебскага раёна. Гэта ўжо дзявятая школа ў рэгіёне, якая носіць імя свайго земляка, Героя Савецкага Саюза.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны адзначыў, што падобная праца вядзецца па ўсёй вобласці. Прычым установы адукацыі не проста атрымліваюць чыёсьці імя, гэтаму папярэднічае карпатлівая даследчая праца.

"Віцебскія весці"