Алег Мацкевіч даручыў распрацаваць рэкамендацыі па заахвочванні добраахвотных дружын за садзейнічанне памежнікам
Працягласць мяжы з Літвой тут складае 87 км. Гэты ўчастак знаходзіцца ў ведамстве Смаргонскай памежнай групы, у адрозненне ад межаў у Браслаўскім, Мёрскім і Верхнядзвінскім раёнах, якія з'яўляюцца зонай адказнасці Полацкага пагранатрада.
Вядома, прымежжа прадастаўляе гэтым рэгіёнам дадатковыя магчымасці – у плане міжнароднага супрацоўніцтва, развіцця экспарту і прыцягнення турыстаў. Але таіць і небяспекі, бо некаторыя выкарыстоўваюць блізкасць мяжы, каб зарабіць на кантрабандзе і арганізацыі незаконнай міграцыі. І тут ужо на коне пытанні не толькі бяспекі мяжы, але і мясцовага насельніцтва. Таму справа аховы межаў становіцца агульнай для памежнікаў, мясцовых органаў улады, грамадскіх арганізацый, добраахвотных дружын і кожнага жыхара асобна.
У размове аб дасягненнях і праблемах у гэтым пытанні прынялі ўдзел члены абласной камісіі, кіраўнікі прымежных раёнаў, іх намеснікі, начальнікі фінансавых аддзелаў райвыканкамаў, прадстаўнікі СМІ, раённых арганізацый БРСМ і ветэранаў.
Што з'яўляецца патэнцыйнай пагрозай менавіта ў Пастаўскім раёне? Намеснік старшыні мясцовага райвыканкама Юрый Кісялёў адзначае: наяўнасць старых пустуючых будынкаў у памежнай паласе, якія могуць быць выкарыстаны як месца захоўвання кантрабанды альбо назірання, прыток дачнікаў з іншых рэгіёнаў, а таксама закрыццё спіртзавода ў Лынтупах і, такім чынам, скарачэнне працоўных месцаў у гэтым населеным пункце, што падштурхоўвае людзей шукаць іншыя спосабы заробку.
Старшыня камісіі, намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч падкрэсліў, што трэба ствараць новыя прадпрыемствы і працоўныя месцы альбо шукаць інвестара, каб адрадзіць прадпрыемства, магчыма, змяніўшы яго профіль. Што тычыцца пустуючых дамоў, варта скласці спіс такіх па памежнай паласе ва ўсіх рэгіёнах і шукаць фінансаванне для выпраўлення сітуацыі.
– Тое, што ў Паставах сёння разглядаем гэтыя пытанні, невыпадкова. Пастаўскі райвыканкам актыўна ўзаемадзейнічае са Смаргонскай пагранічнай групай, – сказаў Алег Сяргеевіч. – Так, ёсць праблемныя моманты, але ёсць і вопыт, які трэба браць на ўзбраенне.
У прыватнасці, вялікая ўвага тут надаецца выхаванню прававой культуры ў насельніцтва памежжа, патрыятычнаму выхаванню моладзі. Несумненна, станоўчы вопыт – ваенна-патрыятычны клас «Патрыёт» у СШ №4 у Паставах, які быў сфарміраваны ў 2015 годзе. Цяпер у профільным пагранічным 9-м класе 21 навучэнец. Дагавор быў заключаны з усімі зацікаўленымі суб'ектамі, у тым ліку з Інстытутам пагранічнай службы.
– І гэта, як паказвае практыка, эфектыўная форма працы. Дзеці паступаюць у ВНУ ваеннага профілю, для мясцовай моладзі гэта прэстыжна, – расказаў Юрый Кісялёў.
Дарэчы, удзельнікі пасяджэння пабывалі ў школе і самі ўбачылі падрыхтоўку і дасягненні вучняў. Скажам толькі, што і юнакі, і дзяўчаты тут умеюць збіраць і разбіраць зброю з завязанымі вачыма!
Як і ў іншых памежных рэгіёнах, ёсць у Паставах атрады «Юных сяброў памежнікаў». І, вядома, добраахвотныя дружыны, якія прымаюць удзел у затрыманні парушальнікаў дзяржграніцы. У якасці заахвочвання для іх – граматы, падзякі, невялікія матэрыяльныя выплаты.
Але многія ўдзельнікі пасяджэння былі салідарныя: трэба, каб гэтая грамадская і даволі небяспечная дзейнасць заахвочвалася сістэматычна, напрыклад, з боку наймальніка. На якой падставе гэта можна зрабіць? Алег Мацкевіч даручыў распрацаваць рэкамендацыі па гэтым пытанні і вызначыць крыніцы фінансавання. Пытанне абавязковага страхавання членаў добраахвотных дружын, вырабу пасведчанняў і нагрудных знакаў узняў начальнік Полацкага пагранічнага атрада Уладзіслаў Бруеў. Варта адзначыць, што шмат затрыманняў зафіксавана па сігналах і мясцовых жыхароў, што сведчыць пра свядомасць і разуменне людзей. У чым немалаважная і роля СМІ.
Асобнай увагі патрабуе пытанне добраўпарадкавання інжынернай інфраструктуры дзяржграніцы. Маюць патрэбу ва ўкладаннях памежная застава «Лынтупы» ў Пастаўскім раёне, пункт пропуску «Відзы» ў Браслаўскім, неабходна ўстаноўка шлагбаўмаў. І тут дэталёвай прапрацоўкі патрабуе механізм асваення грашовых сродкаў, выдзеленых на рэалізацыю дзяржаўнай пагранічнай палітыкі, да чаго падключыліся фінансісты раёнаў і вобласці. А вось як прыклад стварэння ўмоў для нясення службы – памежная застава «Ярава», дзе пабывалі ўдзельнікі канструктыўнай размовы ў Паставах.
– Чаму заўсёды выніковыя выязныя мерапрыемствы? Таму што на месцы бачыш, што зроблена, якія вартасці і абмяркоўваеш недахопы, што ўзнікаюць, у тым ліку ў іншых рэгіёнах. Што радуе ў Паставах? Мы ўбачылі выдатны, я лічу, ваенна-патрыятычны клас. І ў цэлым па большасці момантаў у плане рэалізацыі дзяржпагранічнай палітыкі тут няма фармалізму, а ёсць нармальная выбудаваная сістэмная праца, – падсумаваў Алег Мацкевіч.
Дадаць застаецца толькі адно. Так, прымяненне высокіх тэхналогій, развіццё інжынернай інфраструктуры павялічваюць бяспеку мяжы, але, як бачым, нязменную ролю адыгрывае чалавечы фактар. У гэтай справе не павінна быць абыякавых.
Вольга МАСЛОЎСКАЯ, фота аўтара. "Віцебскія весці".