Алег Мацкевіч: «Час патрабуе нестандартных рашэнняў»
— Алег Сяргеевіч, як спрацавала эканоміка Віцебскай вобласці за сем месяцаў бягучага года? Якія прагнозы ў сувязі з гэтым можна зрабіць?
— За гэты перыяд на 3,2 працэнта больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года, выраблена прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах, на 2,4 працэнта — прыцягнута інвестыцый у асноўны капітал, на 0,8 працэнта — прададзена тавараў насельніцтву, у цэлым па тэрыторыі на 36,6 працэнта вырас экспарт тавараў, на 6,7 працэнта — экспарт паслуг.
За студзень — чэрвень бягучага года арганізацыі камунальнай уласнасці і без ведамаснай падпарадкаванасці павялічылі экспарт тавараў у 1,7 раза да адпаведнага перыяду 2016 года, экспарт паслуг — у 1,3 раза (заданне ўрада на 2017 год — 105,6 і 106,9 працэнта адпаведна). Экспартна-імпартныя аперацыі ажыццяўляліся з 98 краінамі свету, экспартавалася прадукцыя на рынкі 61 дзяржавы. Выконваюцца таксама заданні ўрада па энергазберажэнні, будаўніцтве жылля.
Вобласць працуе з станоўчай рэнтабельнасцю продажаў, ростам выручкі ад рэалізацыі прадукцыі (тавараў, работ, паслуг) і чыстага прыбытку, прыбыткам ад рэалізацыі прадукцыі (тавараў, работ, паслуг).
За першае паўгоддзе аб'ём прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове склаў 10,6 мільёна долараў ЗША.
Ёсць рост заработнай платы, зніжэнне ўзроўню затрат склала 2,3 працэнта, удзельная вага знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці — у норме. Рэзервы, вядома ж, ёсць: трэба працаваць і над сабекоштам, і над аптымізацыяй затрат.
— Згодна са статыстыкай, больш за чвэрць эканамічна актыўнага насельніцтва вобласці працуе ў бізнес-сектары, але колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў апошнім часам знізілася на 10 працэнтаў, а суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу — на 4 працэнты. З чым звязаны такія страты ў бізнес-асяроддзі? Наколькі гэта адчувальна для абласнога бюджэту ў цэлым?
— Сапраўды, колькасць занятых у малым і сярэднім бізнесе скарацілася. Гэтаму ёсць важкія прычыны: адбылося зніжэнне пакупніцкага попыту, а бо дзесьці парадку 50 працэнтаў індывідуальных прадпрымальнікаў заняты менавіта ў гандлі. Нямалаю ролю адыграла аслабленне курсу беларускага рубля і ўзмацненне па сертыфікацыі прадукцыі. Да ўдзельнікаў Мытнага саюза цяпер прад'яўляюцца дастаткова высокія патрабаванні. Але, нягледзячы на ўсе гэтыя абставіны і няпростую эканамічную сітуацыю, многія прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу не толькі змаглі ўтрымацца на плаву, але нават выйшлі на новы ўзровень развіцця. Хтосьці перакваліфікаваўся і арганізаваў сваю справу ў зусім іншай нішы, хтосьці пашырыў вытворчасць і стварыў новыя працоўныя месцы, узяўшы на ўзбраенне сучасныя тэхналогіі, многія змаглі ўпэўнена заявіць пра сябе і годна канкуюруюць. Цяпер час такі, ён патрабуе нестандартных рашэнняў, дзелавой актыўнасці і ініцыятывы. У гэтым плане варта раўняцца на такія прыватныя прадпрыемствы, як «Палімерканструкцыя», «Мадэрн-Экспа», «Вітбудтэхмаш», лепельскі «Біяфон».
— Якая роля малога і сярэдняга бізнесу ў эканоміцы Віцебшчыны? Раскажыце пра найбольш цікавыя праекты, якія рэалізуюцца прадстаўнікамі малога і сярэдняга бізнесу.
— Вядома, прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу ўносяць значны ўклад у эканоміку вобласці. Паступова расце доля бізнесу ў выпуску тавараў і аказанні паслуг, прамысловай вытворчасці, аптовым тавараабароце, выручцы ад рэалізацыі прадукцыі, інвестыцыях у асноўны капітал. Павялічваецца яго доля ў фарміраванні бюджэту. У агульным аб’ёме падатковых паступленняў вобласці ў 2016 годзе 21,7 працэнта — менавіта ад прыватнага бізнесу. Яшчэ пару гадоў таму гэты паказчык складаў 15,5 працэнта. Па паступленнях на аднаго плацельшчыка — суб’екта малога і сярэдняга бізнесу — наша вобласць займае трэцяе месца ў рэспубліцы, саступаючы толькі Мінску і Мінскай вобласці.
Калі казаць пра цікавыя праекты, то ў Лёзненскім і Бешанковіцкім раёнах вядуцца работы па стварэнні ветравых установак, плануецца, што ў 2020 годзе першая тройка ветракоў з’явіцца ў Лёзне. Дзякуючы прадстаўнікам сербскага бізнесу ў Богушэўску з’явілася прадпрыемства па дрэваапрацоўцы. Цвёрдыя пароды драўніны — дуб, піхта, лістоўніца — завозяць з Расіі, а перапрацоўваюць на сучасным абсталяванні ў нас, прычым удалося захаваць калектыў з мясцовых жыхароў. Вядзецца будаўніцтва завода па выпуску белай бляхі і халоднакачанага ліста ў Міёрах, яго плануюць выкарыстоўваць у айчынным аўтамабілебудаванні, харчовай прамысловасці і пастаўляць на экспарт. Увогуле, патэнцыял яшчэ ёсць!
— У бліжэйшы час чакаецца значная лібералізацыя ўмоў для вядзення бізнесу. Як гэта адзаначаецца на прыватным сектары эканомікі Віцебскай вобласці? Якіх спрашчэнняў варта чакаць прадстаўнікам малога і сярэдняга бізнесу ў заканадаўстве?
— Магу запэўніць, што спрашчэнняў чакаюць не толькі прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу, але і мясцовая ўлада. Павінна скараціцца колькасць адміністрацыйных працэдур, розных узгадненняў, што зацягвае тэрміны рэалізацыі многіх праектаў. Спрашчэнне закране ліцэнзаванне, санітарныя і пажарныя нормы і патрабаванні. Але разам з тым узмоцніцца адказнасць самога суб'екта гаспадарання, і да гэтага трэба быць гатовым.
Будуць прадугледжаны істотныя льготы для тых, хто вырашыць ствараць і развіваць сваю справу ў раённых цэнтрах, гарадскіх пасёлках, вёсках.
— Чым Віцебшчына прывабная для замежных інвестараў? Якія найбольш цікавыя і значныя інвестыцыйныя праекты рэалізуюцца цяпер у вобласці?
— Наша вобласць, зыходзячы са свайго выгаднага геаграфічнага размяшчэння і з улікам таго, што па ёй праходзяць два еўрапейскія транспартныя калідоры, — вельмі лакамы кавалачак для інвестара. Але інвестар гатовы ўкладваць свае грошы там, дзе для яго створаны прывабныя ўмовы. Праўда, бываюць выпадкі, калі і пры такім падыходзе інвестар аказваўся неабавязковым. Але цяпер на заканадаўчым узроўні для такіх прадугледжаны штрафы за зрыў тэрмінаў уводу аб'екта.
Ва ўсіх раёнах Віцебшчыны ў гэтым плане праводзіцца істотная работа, недзе лепш, недзе ёсць недапрацоўкі з боку мясцовай улады. У якасці станоўчых прыкладаў можна прывесці Лёзненскі, Віцебскі, Верхнядзвінскі і Глыбоцкі раёны. Што тычыцца інвестыцыйных дагавораў непасрэдна з аблвыканкамам, то гэта прыцягнутыя сродкі ў стварэнне завода па вытворчасці гандлёвага абсталявання «Мадэрн-Экспа», прадпрыемства «Націўіта» ў Бешанковічах, малочна-таварных комплексаў ІП «Дзецкасельскі-Гарадок», комплексу па вытворчасці беконнай свініны ў Талачыне кампаніі «Белдан» і іншыя.
— Як мясцовыя органы выканаўчай і распарадчай улады падтрымліваюць прыватную ініцыятыву? Якія яшчэ меры, на ваш погляд, трэба прыняць, каб актывізаваць прадпрымальніцкую дзейнасць у вобласці і Віцебску?
— Бюджэт фінансуе прадпрымальніцкую ініцыятыву па трох напрамках: падтрымка малога бізнесу, развіццё інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва і інфармацыйнае забеспячэнне. Мы рэгулярна праводзім інвестыцыйныя і прадпрымальніцкія форумы, розныя кірмашы, выставы-продажы, якія з'яўляюцца выдатнай пляцоўкай для таго, каб заявіць аб сабе, знайсці партнёраў па бізнесе, патэнцыйных пакупнікоў.
Створана спецыяльная камісія, якая разглядае праекты, па якіх у далейшым узнаўляем працэнты ў бюджэт. Калі праект перспектыўны, арыентаваны на экспарт і стварэнне новых працоўных месцаў, то банк выдае крэдыт, а вобласць гасіць працэнты. У гэтым сезоне ўжо выбрана пяць такіх праектаў. Выдзяляем сродкі і з інавацыйнага фонду. Кластар, які існуе на базе нашага медыцынскага ўніверсітэта, атрымае пэўную суму з гэтага фонду на стварэнне лабараторыі. Запланавалі выдзеліць грошы аршанскаму прадпрыемству «Беламо-плюс» для выпуску «разумнага» апрысквальніка.
Таксама бязвыплатна або ўсяго за адну базавую велічыню перадаём малому і сярэдняму бізнесу невыкарыстоўваемыя аб'екты дзяржаўнай маёмасці. У вобласці актыўна дзейнічаюць цэнтры развіцця прадпрымальніцтва, інкубатары малога і сярэдняга бізнесу. Яны аказваюць дапамогу рознага віду, у тым ліку і юрыдычную.
На пасяджэннях абласнога савета па развіцці прадпрымальніцтва заўсёды стараемся запрашаць пачаткоўцаў бізнесменаў, маладых індывідуальных прадпрымальнікаў, высвятляем, якія ў іх ёсць праблемы, і стараемся дапамагчы. Моладзь актыўна ўносіць свае прапановы, вельмі часта ў іх ёсць і рацыянальнае збожжа.
Думаю, што калі будзем працягваць у тым жа ключы, то вынік не прымусіць сябе доўга чакаць.
— Які сферы найбольш перспектыўныя для вытворчасці прадукцыі на экспарт і могуць быць заняты прыватнымі прадпрыемствамі?
— На замежным рынку запатрабавана мяса-малочная і ўпаковачная прадукцыя, а таксама кабель, тэлескапічныя пад'ёмнікі, паркетная дошка, ветэрынарныя прэпараты, водаачыснае абсталяванне, электраабсталяванне і прыборы. Адным словам, трэба ствараць інавацыйную прадукцыю, якая здольна канкурыраваць. Толькі ў гэтым выпадку можна будзе гаварыць аб поспеху.