Алімпійская спартакіяда сярод клубаў юных алімпійцаў упершыню пройдзе ў Віцебскай вобласці ў 2011 годзе

3 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатоў - БЕЛТА/. Стварэнне сеткі клубаў юных алімпійцаў і правядзенне алімпійскай спартакіяды з іх удзелам у 2011 годзе прадугледжана абласной праграмай развіцця алімпійскай адукацыі на 2010-2012 гады, да рэалізацыі якой прыступае прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта ў Віцебскай вобласці. Аб гэтым паведаміў сёння выканаўчы дырэктар абласнога прадстаўніцтва НАК Віктар Бынькоў на прэзентацыі праграмы для кіраўнікоў раённых і гарадскіх аддзелаў адукацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Праграма прадугледжвае стварэнне цэласнай структуры па развіцці алімпійскай адукацыі, асновай якой закліканы стаць клубы юных алімпійцаў ва ўстановах адукацыі гарадоў і раёнаў вобласці. Прадстаўніцтва НАК будзе аказваць падтрымку ў стварэнні такіх клубаў і матэрыяльна заахвочваць актывістаў алімпійскага руху, але ініцыятыва, безумоўна, павінна зыходзіць ад саміх рабят і іх педагогаў, падкрэсліў Віктар Бынькоў. Прадстаўніцтва НАК плануе прыцягнуць да працы па метадычным забеспячэнні дзейнасці такіх клубаў прафесарска-выкладчыцкі склад віцебскіх ВНУ. Для юных алімпійцаў будзе распрацаваны сертыфікат алімпійскага клуба, права валодання якім рабяты абавяжуцца пацвярджаць сваёй паўсядзённай дзейнасцю і актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Такім чынам прадугледжваецца стымуляваць цікавасць школьнікаў да пастаянных заняткаў фізкультурай і спортам, іх імкненне да фізічнага ўдасканалення, а таксама павысіць адказнасць за ўласнае здароўе. Рэалізацыя праграмы дазволіць не толькі павысіць узровень ведаў навучэнцаў аб алімпійскіх ідэалах, але і пашырыць магчымасці моладзі па ўдзеле ў грамадскім жыцці, выхоўваць маральныя і фізічныя якасці для годнага ўваходжання ў сучасны свет. Алімпійскую адукацыю ў вобласці плануецца развіваць праз правядзенне розных мерапрыемстваў як спартыўнай, так і прапагандысцкай накіраванасці. Так, для клубаў юных алімпійцаў прадугледжана арганізаваць абласную алімпійскую спартакіяду, у праграму якой будуць уключаны спаборніцтвы па 5-7 відах спорту, а таксама экскурсіі і сустрэчы са знакамітымі спартсменамі вобласці. У гады правядзення алімпійскіх гульняў у вобласці атрымае пастаянную прапіску конкурс "Віцебшчына алімпійская". Яго ўдзельнікам трэба будзе пазмагацца ў творчым асэнсаванні алімпійскіх ідэалаў праз літаратурную і выяўленчую творчасць, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Штогод у дні летніх канікул будуць стартыраваць малыя Алімпійскія гульні ў аздараўленчых лагерах, турніры на прызы віцебскіх алімпійцаў. Таксама працягнецца практыка стварэння алімпійскіх куткоў у школах, правядзенне масавых спартыўных спаборніцтваў, гульняў, віктарын з выкарыстаннем алімпійскай сімволікі, дадаў Віктар Бынькоў.-0-