Алімпійскія дні моладзі па лыжных гонках упершыню прайшлі ў Гарадку
Алімпійскія дні моладзі па лыжных гонках лічацца самымі прэстыжнымі спаборніцтвамі ў Беларусі па гэтым відзе спорту. Удвая прыемна, што прадстаўнічы турнір упершыню прайшоў на новай лыжаролернай трасе ва ўрочышчы Вераб'ёвы Гары ў Гарадку.
Забягаючы наперад, адзначу, што новы спартыўны аб'ект з гонарам вытрымаў выпрабаванне. Па словах дырэктара Віцебскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па зімовых відах спорту Наталлі Гапон, госці аднадушна адзначылі і якасць трасы, і яе ў добрым сэнсе складанасць з чаргаваннем спускаў і ўздымаў.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел юнакі і дзяўчаты 1997-1998 і 1999-2000 г. н. з усіх рэгіёнаў краіны за выключэннем Гомельшчыны. Вельмі годна выступіла каманда нашай вобласці, заняўшы ў выніку напружанай барацьбы падагульняючае 1-е месца. У актыве нашых рабят 7 залатых, 7 сярэбраных і 7 бронзавых узнагарод. За ёй размясціліся дружыны Магілёўшчыны і Мінска.
Гэтыя спаборніцтвы сталі і своеасаблівым адборачным этапам для фарміравання нацыянальнай каманды для ўдзелу ў Еўрапейскім алімпійскім фестывалі, які неўзабаве пройдзе ў Ліхтэнштэйне. Проста выдатна, што 5 з 8 пуцёвак у зборную заваявалі прадстаўнікі Віцебшчыны. Гэта Анастасія Агеева, Яніна Сасноўская, Ганна Каралёва, Аліна Юранава і Мікалай Кліменцьеў.
А 7 студзеня на трасе ў Гарадку стартавала маладзёжнае першынство рэспублікі, па яго выніках ад нашай краіны будуць адабраны ўдзельнікі юнацкага чэмпіянату свету, які адбудзецца ў пачатку лютага ў Алматы. Пажадаем поспеху юным зорачкам прыдзвінскага краю!
Алесь Бынькоў, "Віцебскія весці"