Алімпійскія куткі плануецца адкрыць у сярэдніх школах усіх раёнаў Віцебскай вобласці
14 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Алімпійскія куткі плануе адкрыць у сярэдніх школах усіх раёнаў вобласці прадстаўніцтва НАК РБ у Віцебскай вобласці. Аб гэтым паведаміў выканаўчы дырэктар прадстаўніцтва Віктар Бынькоў на цырымоніі адкрыцця першага алімпійскага кутка ў сярэдняй школе №45 абласнога цэнтра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Асноўнымі задачамі акцыі з'яўляюцца фарміраванне ў дзяцей і падлеткаў цікавасці да спорту, патрэбаў у занятках фізічнай культурай, а таксама імкненняў паказваць высокія вынікі ў розных спартыўных дысцыплінах на прыкладзе вядомых спартсменаў вобласці. Алімпійскія куткі ўтрымліваюць інфармацыю аб алімпійскім руху і прадстаўляюць віцебскіх спартсменаў, якія сталі пераможцамі і прызёрамі Алімпійскіх гульняў. На думку Віктара Бынькова, падрастаючае пакаленне павінна ведаць выдатных спартсменаў Прыдзвінскага краю, якія разам з вядомымі мастакамі, музыкамі праслаўляюць горад і вобласць на сусветнай арэне.
Для адкрыцця першага ў вобласці алімпійскага кутка невыпадкова выбрана сярэдняя школа №45. Гэта навучальная ўстанова актыўна супрацоўнічае з прадстаўніцтвам НАК у Віцебскай вобласці, а ў 2008 годзе правяло ўзорна-паказальнае спартыўнае свята ў рамках адзінага алімпійскага дня. "У якасці заахвочвання за актыўную працу па папулярызацыі алімпійскага руху мы вырашылі паднесці школе такі падарунак", - адзначыў Віктар Бынькоў.
Адкрыццё алімпійскіх куткоў у навучальных установах прадугледжана праграмай алімпійскай адукацыі, якая рэалізуецца НАК Беларусі. Яна мае на ўвазе выпуск спецыялізаванай літаратуры, правядзенне тэматычных сустрэч і гутарак, распаўсюджванне брашур і іншыя мерапрыемствы. У перспектыве прадстаўніцтва НАК у Віцебскай вобласці мае намер пашырыць геаграфію арганізацыі алімпійскіх куткоў і адкрываць іх не толькі ў навучальных установах абласнога цэнтра, але і ў іншых раёнах вобласці, дадаў Віктар Бынькоў.-0-