Алімпійскае свята спорту пройдзе 27 ліпеня ў выхаваўчай калоніі №1 Віцебска
26 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі ў Віцебскай вобласці арганізуе 27 ліпеня алімпійскае свята спорту ў выхаваўчай калоніі №1 Віцебска, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе абласнога прадстаўніцтва НАК.
Ганаровым госцем і галоўным суддзёй спаборніцтваў будзе сярэбраны прызёр Алімпіяды 1980 года, заслужаны майстар спорту, неаднаразовы чэмпіён свету і Еўропы Ігар Каныгін.
Для выхаванцаў установы падрыхтавана шырокая спартыўная праграма, якая ўключае спаборніцтвы па сямі відах спорту. Хлопцам трэба будзе выявіць наймацнейшых у бегу на 60 м, у турніры па падняцці гіры, у падцягванні на перакладзіне і пазмагацца ў дакладнасці пры кідку мяча ў баскетбольнае кальцо. Акрамя таго, хлопцы прадэманструюць уменне ўзаемадзейнічаць у камандзе на спаборніцтвах па перацягванні каната, у футбольным матчы і алімпійскай эстафеце (бег 4х100 м).
Пераможцы і прызёры алімпійскага свята спорту будуць узнагароджаны прызамі НАК Беларусі. Абласное прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта таксама перадасць у дар выхаваўчай калоніі памятныя прызы і камплект спартыўнага інвентару.-0-