Алімпійскага чэмпіёна Уладзіслава Ганчарова ўшанавалі ў віцебскай школе па скачках на батуце

Олимпийского чемпиона Владислава Гончарова чествовали в витебской школе по прыжкам на батуте
У аддзяленні батута і спартыўнай акрабатыкі Віцебскай СДЮШАР №1 адбылося ўшанаванне героя – чэмпіёна Гульняў у Рыа-дэ-Жанейра Уладзіслава Ганчарова, а таксама яго трэнера Вольгі Уласавай.

Ох, і нялёгкае гэта выпрабаванне. Учора ты быў вядомы толькі дастаткова вузкаму колу спецыялістаў і аматараў спецыфічнага віду спаборніцтваў, а сёння тваё імя не сыходзіць са старонак СМІ, людзі, нават вельмі далёкія ад спорту, абмяркоўваюць сказаныя табой словы.


Да гонару, 20-гадовага хлопца, ён з годнасцю з гэтым спраўляецца, у чым пераканаліся шматлікія юныя батутысты, трэнеры, педагогі гімназіі №1, дзе ён вучыўся ў фізіка-матэматычным класе, знаёмыя, блізкія людзі, якія сустракалі з хлебам-соллю чэмпіёна ля сцен залы, дзе прайшло станаўленне алімпійца. Усё такі ж сціплы і крыху збянтэжаны ўвагай да сваёй персоны Улад перадаў дырэктару СДЮШАР Кацярыне Калмогоравай сертыфікат на 15 тыс. рублёў, якія выдзяляе пераможцам Прэзідэнцкі спартыўны клуб на заахвочванне абраных імі школ.

Шмат добрых слоў было сказана і на адрас Вольгі Уласавай. Бо гэта проста ўнікальны выпадак у свеце вялікага спорту: настаўнік, літаральна за руку прывёўшы 6-гадовага хлопчыка на свае заняткі, дапамог яму заваяваць алімпійскі медаль ужо ў якасці галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай краіны.

Пасля афіцыйнай часткі атлета літаральна атакавала дзятва. Кожнаму хацелася сфатаграфавацца з кумірам, узяць аўтограф, пацікавіцца, ці сапраўды залаты медаль выраблены з высакароднага металу. Адмовы нікому не было. Уладзіслаў быў прыязны і з усмешкай адказваў на пытанні будучых чэмпіёнаў. А наперадзе ў яго адпачынак пасля знясільваючых спаборніцтваў і каласальнага эмацыйнага напружання, каб набрацца сіл для новых трэніровак.

Дарэчы

Атрыманы за ўдзел у Алімпійскіх гульнях смартфон з асабістымі фотаздымкамі, зробленымі ў Бразіліі і не толькі,

Уладзіслаў прадаў з дабрачыннага аўкцыёну. Пры пачатковым кошце 2 тыс. рублёў пакупнік пагадзіўся выкласці 7 тыс. Атрыманыя сродкі таксама пойдуць на развіццё роднай спартыўнай школы.  

Алесь Бынькоў. Фота Антона Сцепанішчава. "Віцебскія весці".