Алімпізм і моладзь
14 снежня 2012 г. у г.Паставы пад эгідай Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Міністэрстваў адукацыі, спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, удзеле грамадскага аб'яднання «Беларуская алімпійская акадэмія», установы «Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў» пройдзе рэспубліканская акцыя «Алімпізм і моладзь».
У межах мерапрыемства адбудзецца семінар на тэму «Алімпійскі спорт і спорт для ўсіх», у якім возьмуць удзел спецыялісты, метадысты аддзелаў адукацыі, фізічнай культуры, спорту і турызму, трэнеры-выкладчыкі спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, педагагічныя работнікі ўстаноў адукацыі. Семінар праводзяць выкладчыкі УА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры».
Арганізатарамі акцыі прадугледжваецца наведванне ўстаноў адукацыі, спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з мэтай вывучэння і абагульнення вопыту фізкультурна-спартыўнай работы ў рэгіёне.
Прадугледжваецца, што 14 снежня ў межах названага мерапрыемства будуць праводзіцца «Малыя алімпійскія гульні» і спортландыі ў дзіцячых дашкольных установах, спартыўныя спаборніцтвы сярод навучэнцаў, сустрэчы моладзі з чэмпіёнамі і прызёрамі Алімпійскіх гульняў, свету і Еўропы ў установах адукацыі, майстар-класы па відах спорту для школьнікаў у спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах.
Фізкультурнае свята плануецца завяршыць спартыўна-тэатралізаваным прадстаўленнем на базе адной з устаноў культуры з удзелам творчых калектываў і паказальнымі выступленнямі спартсменаў, прэзентацыяй лепшых работ навучэнцаў у адборачных этапах рэспубліканскага конкурсу «Плакат у духу Фэйр Плэй».