ОО «Белая Русь» у Віцебскай вобласці справай дапаможа тым, хто звярнуўся ў грамадскія прыёмныя
27 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Грамадскае аб'яднанне "Белая Русь" у Віцебскай вобласці не застанецца ўбаку ад вырашэння надзённых праблем жыхароў рэгіёну, сказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання Віктар Гаўрысеў.
Падчас пазачарговага прыёму грамадзян у Міёрах і Ушачах, які рэгіянальнае аддзяленне правяло, падключыўшыся да трэцяга этапу маніторынгу работы мясцовых улад з насельніцтвам, члены "Белай Русі" выявілі пытанні, вырашыць якія яны могуць, не звяртаючыся па дапамогу да выканкамаў. Напрыклад, выхаванцам сацыяльнага прытулку ва Ушачах напярэдадні 1 верасня патрэбныя былі пісьмовыя прыналежнасці. Абласная арганізацыя прыняла рашэнне вылучыць неабходныя сродкі і сабраць партфелі школьнікам. Доўгачаканы ровар атрымаюць і выхаванцы дома сямейнага тыпу з Міёр. Яго ім таксама купяць за кошт сродкаў абласной арганізацыі. Міёрская раённая арганізацыя "Белай Русі" падтрымала прапанову сацыяльнага педагога, якая звярнулася ў грамадскую прыёмную з просьбай адзначыць сем'і, у якіх вярнуліся дзеці, вынятыя па Дэкрэце №18. Вырашана, што кожная такая сям'я атрымае ад "Белай Русі" каштоўны падарунак і надалей не застанецца па-за ўвагай членаў грамадскага аб'яднання.
А вось пабудаваць дзіцячую пляцоўку ў двары шматкватэрнага дома ва Ушачах, пра якую ў грамадскую прыёмную прасілі жыхары, актывісты "Белай Русі" вырашылі па народнай традыцыі - талокай. Як аказалася, раённыя ўлады ўжо падрыхтавалі праектна-каштарысную дакументацыю на гэту пляцоўку, але на яе будаўніцтва неабходна каля Br250 млн. Знізіць кошт работ можна, калі добраўпарадкаванне правесці сваімі сіламі. Ушацкая раённая арганізацыя выступіла з прапановай правесці суботнік па добраўпарадкаванні тэрыторыі і запрасіць на яго сваіх членаў і жыхароў дома.
На думку Віктара Гаўрысева, звароты грамадзян у грамадскія прыёмныя "Белай Русі" паказалі, што людзей больш хвалююць жыццёвыя пытанні, вырашэнне якіх часам залежыць не толькі ад чыноўнікаў. Менавіта таму рэгіянальная арганізацыя мае намер адкрыць грамадскія прыёмныя ва ўсіх раёнах вобласці ўжо ў верасні і працягваць аказваць рэальную дапамогу людзям.-0-