ТАА «ЛЛК-Нафтан» Наваполацка прызнана найлепшым экспарцёрам года Беларусі
Наваполацкае ТАА «ЛЛК-Нафтан» увайшло ў лік пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Лепшы прадпрымальнік 2012 года». Бізнес-конкурс закліканы папулярызаваць прадпрымальніцтва, павышаць дзелавую актыўнасць і прафесіяналізм яго суб'ектаў. Пераможцаў спаборніцтва вызначаюць на рэгіянальным, а затым рэспубліканскім узроўнях у 16 намінацыях.
Так, у сферы вытворчасці прадуктаў харчавання лепшым па выніках мінулага года прызналі беларуска-польскае ТАА «Камако плюс», вытворчасці тавараў народнага спажывання — ТАА «М8 Сіці». У сферы рознічнага гандлю першынство аддадзена замежнаму ТАА «Орыфлэйм Касметыкс».
ТАА «ЛЛК-Нафтан» стала пераможцам сярод экспарцёраў. Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці прысадак для маторных маслаў вышэйшых груп для бензінавых і дызельных рухавікоў. Тут пастаянна ўкараняюцца інавацыйныя тэхналогіі і абсталяванне, што дазваляе атрымліваць прадукцыю на ўзроўні сусветных лідэраў, запатрабаваную за мяжой.
Прадпрыемства не раз удастойвалася ўзнагарод гарвыканкама, аблвыканкама, а таксама кіраўніка дзяржавы як лепшы экспарцёр.
Таццяна Пастарнак, "Віцебскія весці"