Аператар віцебскага тэлеканала затрымаў рабаўніка

Оператор витебского телеканала задержал грабителя

Увечары 10 лютага ў абласным цэнтры аператар віцебскага тэлеканала «Наш ТБ» Вячаслаў Лазараў затрымаў рабаўніка.

Каля 20.00 ён вяртаўся з гаража. У раёне стадыёна тэхналагічнага ўніверсітэта пачуў крык, на адлегласці ў некалькі соцень метраў заўважыў бойку, затым дзяўчына прыпала на калена, а хлопец стаў ад яе ўцякаць. Калі Вячаслаў убачыў, што малады чалавек пачаў у спешцы капацца ў сумачцы, зразумеў – гэта рабаванне. Пашанцавала, што злачынец накіроўваўся ў яго бок. Вячаслаў кінуўся насустрач. Хлопец бег хутка і прыпыніўся, толькі калі наш калега пайшоў на хітрасць і стаў крычаць: «Міліцыя! Буду страляць!» Раней Вячаслаў займаўся самба, у барацьбе са злачынцам прымяніў удушлівы прыём і ў такім становішчы ўтрымліваў яго да прыезду нарада міліцыі, якую змог самастойна выклікаць. Пазней высветлілася, што дзяўчына, атрымаўшы два ўдары ў галаву, знаходзілася ў шоку, але ўсё ж патэлефанавала ў 102.

Свой учынак Вячаслаў не лічыць гераічным і кажа, што кожны жыхар горада павінен не заставацца абыякавым да навакольных. Учора начальнік Кастрычніцкага РАУС Віцебска палкоўнік Аляксей Шаховіч ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў Вячаславу Лазараву падзяку.

Як паведамілі ў прэс-службе УУС аблвыканкама, у 2014-м пры садзейнічанні грамадзян было раскрыта больш за 60 злачынстваў, спіс гэтага года адкрыты учынкам нашага калегі. Ужо некалькі гадоў на Віцебшчыне праводзіцца акцыя «Грамадзянская мужнасць», па выніках якой начальнік УУС узнагароджвае адметных грашовымі прэміямі і каштоўнымі падарункамі. Няма сумненняў, што ў лік мужных і неабыякавых да чужой бяды людзей абавязкова ўвойдзе і Вячаслаў Лазараў.

Сяргей Ляшук, "Віцебскія весці"