Аперацыю па трансплантацыі печані ўпершыню правялі ў Віцебску

У Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце на базе кафедры аператыўнай хірургіі і тапаграфічнай анатоміі ўпершыню праведзена аперацыя трансплантацыі печані на эксперыментальнай мадэлі (свіннях).

Яна выканана пад кіраўніцтвам і з удзелам доктара медыцыны прафесара Эдуарда Матэвасяна з Тэхнічнага ўніверсітэта Мюнхена (Германія). Эксперыментальная мадэль дазваляе адпрацоўваць асноўныя этапы трансплантацыі печані і спраўляцца з анатамічнымі і тэхнічнымі цяжкасцямі, якія могуць узнікнуць пры правядзенні падобных аперацый у чалавека.

Гэтаму падзеі папярэднічалі шматлікія кансультацыі з нямецкімі медыкамі, у тым ліку і ў выглядзе тэлемостаў, якія сталі магчымыя дзякуючы пагадненню аб супрацоўніцтве паміж ВДМУ і хірургічнай клінікай Мюнхена. Дакумент прадугледжвае развіццё кантактаў у акадэмічным і лячэбна-практычным напрамках, укараненне перадавых навуковых дасягненняў у галіне лячэння захворванняў печані, падстраўнікавай залозы і трансплантацыі ўнутраных органаў. Кіраўніцтва ВДМУ пастаянна курыруе важны напрамак дзейнасці. Было закуплена неабходнае абсталяванне, расходныя матэрыялы, адпрацавана тэхніка правядзення аперацый.

Для многіх пацыентаў у тэрмінальнай стадыі хваробы трансплантацыя — адзіны радыкальны метад лячэння. Беларусь уваходзіць у 30 самых развітых у галіне транспланталогіі дзяржаў. Гэтыя высокатэхналагічныя ўмяшанні ў нас выконваюцца не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Напрыклад, з верасня 2015 года на базе Віцебскай абласной клінічнай бальніцы праведзена больш за 40 трансплантацый нырак. І нашы спецыялісты рухаюцца ў гэтым напрамку далей.

Вера МУРАШКІНА, «Віцьбічы».