Вызначаны найлепшыя ўстановы культуры Віцебскай вобласці

Определены лучшие учреждения культуры Витебской области

Узнагароджанне пераможцаў прайшло ў рамках калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, на якой былі падведзены вынікі мінулага года. У намінацыі «Лепшая раённая (гарадская) бібліятэка» лепшымі прызнаны наваполацкая бібліятэка імя У. Маякоўскага (дырэктар Надзея Новажылава) і навалукомльская Чашніцкага раёна (загадчыца Надзея Васілевіч). Сярод дзіцячых устаноў – полацкая дзіцячая бібліятэка імя Льва Талстога (загадчыца Зінаіда Гуменик), сярод сельскіх – Пруднікоўская Гарадоцкага раёна (бібліятэкар Любоў Коржова). У катэгорыі «Лепшы раённы (гарадскі) Дом культуры» прэміі ў 100 базавых велічынь атрымалі Докшыцкі ГЦК (дырэктар Крысціна Гмырак) і Дубровенскі раённы цэнтр народнай творчасці і культурна-забаўляльнай дзейнасці (дырэктар Уладзімір Бабічаў). Лепшым Домам рамёстваў стаў Шумілінскі (дырэктар Анжэла Сяргеева), лепшым метадычным цэнтрам – Лёзненскі раённы арганізацыйна-метадычны цэнтр (дырэктар Ганна Макраусава). Таксама прэміі ў сваіх намінацыях атрымалі Усценскі сельскі Дом культуры Аршанскага раёна (дырэктар Аляксей Сімаш), абласны музей Героя Савецкага Саюза Міная Шмырава (дырэктар Ірына Шышкова) і дзіцячая мастацкая школа Віцебска (дырэктар Міхаіл Кліменка. Узнагароджаны 10 навучэнцаў школ мастацтваў і 6 выхаванцаў сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ларыса Аленская адзначыла, што ў мінулым годзе прайшла аптымізацыя ўстаноў культуры, якая дала бачныя вынікі, дазволіла зэканоміць значныя сродкі. У 2014-м на ўтрыманне сеткі было выдзелена 650 млрд рублёў, зароблены 107 млрд пазабюджэтных сродкаў, прыцягнута 87,6 млрд спонсарскіх грошай. Тэмп росту платных паслуг склаў больш за 126% да ўзроўню пазамінулага года.

Значныя сродкі выдзяляліся на рамонтна-будаўнічыя работы, але іх, як падкрэсліла Ларыса Аленская, украй недастаткова. З-за недахопу фінансавання не ў поўным аб'ёме выконваецца комплексная праграма развіцця Полацка, у прыватнасці, не ўдалося працягнуць рамонт кінатэатра «Радзіма», набыць светлавое абсталяванне, механіку і адзенне сцэны для гарадскога Дома культуры. Патрабуюць рэканструкцыі ўстановы культуры ў Талачыне, Браславе, іншых населеных пунктах.

Асаблівай увагі заслугоўваюць аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны. У мінулым годзе на іх рэстаўрацыю выдзелена больш за 24 млрд рублёў. Сёння вядуцца работы па завяршэнні дасье для ўключэння ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА Спаса-Праабражэнскай царквы і Сафійскага сабора ў Полацку.

Музеямі вобласці праведзена больш за 500 выставак, якія наведалі 700 тыс. чалавек. На 9 тыс. адзінак папоўніліся музейныя калекцыі. За кошт сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку адкрыта экспазіцыя «Сценапіс XII-XIX стагоддзяў Спаса-Праабражэнскага храма». Гэта ўстанова культуры заняло 1-е месца ў намінацыі «Лепшы музей па арганізацыі культурна-адукацыйнай дзейнасці» на нацыянальным форуме «Музеі Беларусі – трэцяму тысячагоддзю». У ліку значных культурных падзей мінулага года – стварэнне пастаяннай выставы копій работ мастакоў-перадзвіжнікаў у музеі-сядзібе Ільі Рэпіна «Здраўнёва». Гэта дар Дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоты. Адзначаючы дасягненні, Ларыса Аленская звярнула ўвагу на тое, што покуль не ўдаецца зрабіць. Сярод першачарговых задач – стварэнне музея Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, адкрыццё краязнаўчай экспазіцыі ў Верхнядзвінску.

У мінулым годзе працягнулася інтэграцыя сельскіх публічных і школьных бібліятэк. У 6 раёнах было створана 9 аб'яднаных бібліятэк. Значна папоўніліся кніжныя фонды.

Віцебшчына падтрымлівае свой статус фестывальнага краю. У мінулым годзе праведзена 9 міжнародных і 23 абласных святаў мастацтваў. У рамках «Дажынак-2014» ўпершыню прайшоў тэатралізаваны агляд брэндаў раёнаў і гарадоў і конкурс творчасці сельскай моладзі.

Больш за 38 тыс. жыхароў вобласці займаюцца ў калектывах мастацкай самадзейнасці і клубах народнай творчасці. Дарэчы, Лепельскі Дом рамёстваў першы і адзіны ў краіне ўдастоены звання «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».

За ўсімі лічбамі і дасягненнямі стаяць адданыя сваёй справе людзі. Прысутнічаўшы на калегіі міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў высока ацаніў іх уклад і нагадаў словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які адзначыў, што нацыянальная культура з'яўляецца адной з фундаментальных асноў незалежнасці, неад'емнай часткай ідэалогіі краіны. Ён уручыў грамату Савета міністраў дырэктару Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамары Джумантаевай, а таксама дыпломы

«Мецэнат культуры Беларусі» кіраўнікам прадпрыемстваў, якія аказалі спонсарскую дапамогу ў правядзенні «Славянскага базару ў Віцебску-2014», – СААТ «Фортэкс – водныя тэхналогіі», Віцебскага філіяла РУП «Белтэлекам», Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі.

Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"