Вызначаны пяць раёнаў Віцебскай вобласці для развіцця мясцовых ініцыятыў па праекце ПРААН

Вызначаны пяць раёнаў Віцебскай вобласці, якія стануць пілотнымі пляцоўкамі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь" ПРААН. Пра гэта паведаміў рэгіянальны каардынатар праекта Віктар Ерашоў.


Праект стартаваў у снежні 2015 года. На першым этапе адбыўся першы конкурс мясцовых ініцыятыў, які, акрамя выдзялення міні-грантаў пераможцам, выявіў найбольш актыўныя раёны па ўсёй Беларусі. З іх на аснове рэйтынгавай ацэнкі была адабрана трыццатка лепшых. У Віцебскай вобласці на наступны этап праекта выйшлі Докшыцкі, Полацкі, Глыбоцкі, Талачынскі, Браслаўскі раёны.


З кіраўніцтвам мясцовых выканкамаў падпісаны адпаведныя мемарандумы, тэрмін дзеяння якіх заканчваецца 1 ліпеня 2018 года - гэта дата завяршэння ўсяго праекта. Указаныя раёны стануць пілотнымі пляцоўкамі для адпрацоўкі падыходаў тэрытарыяльна-арыентаванага развіцця (ТАР) і правядзення асноўнага конкурсу мясцовых ініцыятыў. На абраных тэрыторыях плануецца правесці маштабную працу па стварэнні мясцовых ініцыятыўных груп па планаванні ТАР, якія аб'ядноўваюць інтарэсы органаў улады, некамерцыйных арганізацый і бізнесу ў распрацоўцы прыярытэтаў развіцця раёнаў. На ўсіх этапах

гэтым групам будзе аказвацца кансультатыўная дапамога для фарміравання пашпарта ТАР, які стане каштоўным інструментам для пошуку магчымасцей суфінансавання ініцыятыў, што ўваходзяць у яго, са сродкаў бюджэтаў і з боку міжнародных донараў.


Таксама членам мясцовых супольнасцей прадставіцца магчымасць прыняць удзел у навучальных мерапрыемствах і паездках у краіны ЕС па вывучэнні вопыту ў сферы ўстойлівага тэрытарыяльнага развіцця. І, вядома, у пілотных раёнах будзе арганізаваны асноўны конкурс мясцовых ініцыятыў, у межах якога кожны раён зможа атрымаць да 70 тыс. еўра.


Кацярына Князева, БЕЛТА.