Вызначаны пераможцы ў абласным творчым конкурсе

Не толькі на ўсебаковае інфармаванне аб падзеях, што адбываюцца, а на паглыблены аналіз усіх бакоў жыцця рэгіёна і краіны, сумесным з органамі ўлады вырашэннем існуючых праблем зарыентаваў журналістаў Віцебшчыны старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец на традыцыйнай сустрэчы са сродкамі масавай інфармацыі з нагоды прафесійных святаў – Дня друку і Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі.

Па словах губернатара, СМІ павінны больш увагі надаваць праблемам забеспячэння жыцця людзей, заработнай платы, цэнавай палітыцы, сваімі выхаваўчымі сродкамі ўсяляк умацоўваць інстытут сям'і, прама паказваць, якую велізарную шкоду наносіць грамадству п'янства. Таксама прагучала просьба да журналістаў падтрымліваць развіццё бізнесу, прадпрымальніцтва, асабліва ў малых гарадах, паколькі гэта адзін з рэальных шляхоў павышэння ўзроўню жыцця на сельскіх тэрыторыях. І пры гэтым важна не забываць, што журналісцкае слова павінна быць аб'ектыўным і праўдзівым, што, забяспечваючы аб'ектыўнай інфармацыяй аб працэсах, што адбываюцца, насельніцтва рэгіёна, газеты, тэлебачанне і радыё фарміруюць імідж вобласці, падкрэсліў А. Косінец.

У ходзе сустрэчы з работнікамі СМІ адбылося традыцыйнае ўшанаванне лепшых газет, тэлекампаній і журналістаў у межах штогадовага абласнога конкурсу на прэміі імя Ф. Скарыны і «Віцязь». Сярод абласных, аб'яднаных, гарадскіх газет пераможцамі прызнаны «Народнае слова» і «Полацкі веснік». Лепшай раённай газетай названы «Лепельскі край», другое і трэцяе месцы – у «Весніка Глыбоччыны» і «Героя працы» (Шуміліна). З тэлевізійшчыкаў вобласці на гэты раз віншаванні прымала тэлерадыёкампанія «Віцебск».

Асабліва хочацца адзначыць пераможцаў у асабістым творчым спаборніцтве. Лепшым рэпарцёрам прызнана галоўны рэдактар ушацкай раённай газеты «Патрыёт» Вольга Караленка, а лепшым аглядальнікам –адказны сакратар райгазеты «Голас Сэнненшчыны» Міхаіл Белаў. На думку журы конкурсу, лепшай аўтарскай тэле-радыёпраграмай у мінулым годзе быў тэлепраект «Навігатар» тэлепраграмы «Саміт+ТВ» полацкага ТАА «Саміт», якую робіць аўтарскі калектыў у складзе Алены Чаховіч, Аляксандра Захарава, Андрэя Корсака. Рэдакцыі гарадской газеты «Віцьбічы», аршанскай газеты «Тэлеком-экспрэс», а таксама галоўны рэдактар газеты Віцебскага раёна «Жыццё Прыдзвіння» Ніна Сталяранка, шэраг работнікаў сувязі і «Віцебскаблсаюздрук» адзначаны Ганаровымі граматамі аблвыканкама.