Вызначыліся чатыры фіналісты беларускага этапу футбольнага Кубка нацый Данон

22 мая, Мінск /Ігар Хадасевіч - БЕЛТА/. Юныя выхаванцы футбольнага клуба "Віцебск" выйгралі адборачныя спаборніцтвы Кубка нацый Данон у сваім рэгіёне і сталі фіналістамі беларускага этапу гэтага турніру, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. У вырашальным паядынку ў Віцебску гаспадары поля аказаліся мацнейшымі за хлопцаў з Мёраў, перамогшы з лікам 4:1. У матчы за 3-е месца футбалісты віцебскай "Дзвіны" абыгралі аршанцаў – 2:1. Да гэтага ў фінальны раунд беларускага этапу прабіліся футбалісты брэсцкага Цэнтра алімпійскага рэзерву, гродзенскі "Нёман" і "Гомель". Яшчэ 3 удзельнікі фінальнай стадыі стануць вядомыя на гэтым тыдні: 23 мая пройдуць адборачныя матчы ў Магілёве, 26 мая фіналіста вызначаць юныя футбалісты Мінскай вобласці, а 27 мая апошнюю пуцёўку ў фінал разыграюць мінскія каманды. Фінальны тур беларускай кваліфікацыі пройдзе 1 чэрвеня на мінскім стадыёне спартыўна-аздараўленчага комплексу "Алімпійскі". У гэтым годзе дзіцячыя футбольныя каманды нашай краіны другі раз змагаюцца за адзіную пуцёўку ў сусветны фінал, які пройдзе ў Польшчы. Год таму ў вырашальны этап, які праходзіў на легендарным мадрыдскім стадыёне "Сант'яга Бернабеу", прабіліся выхаванцы мінскага клуба "Зорка", якія занялі ў сусветным фінале 19-е месца сярод прадстаўнікоў 40 краін свету. На гэты раз у адборачных турнірах прымаюць удзел 56 дзіцячых каманд, у складах якіх на футбольныя палі выйдуць каля 800 футбалістаў ва ўзросце 10-12 гадоў. Кубак нацый Данон быў заснаваны ў 2000 годзе і праводзіцца ўжо 13-ы раз. За гэтыя гады ў спаборніцтвах прынялі ўдзел каля 20 млн. юных футбалістаў з усёй планеты. Па традыцыі ў кожнай краіне выбіраецца Пасол гэтага турніру. Летась у Беларусі ім быў тагачасны галоўны трэнер нацыянальнай зборнай нямецкі спецыяліст Бернд Штанге, а цяпер - форвард васьміразовых чэмпіёнаў і зборнай Беларусі Віталь Радзівонаў. У іншых краінах пасламі турніру ў розныя гады былі Зінедзін Зідан (Францыя), Дэку (Партугалія), Андрэс Іньеста (Іспанія) і іншыя зоркі сусветнага футбола.-0-