Вызначыліся сапернікі мінскіх футбольых клубаў у Лізе Еўропы
22 чэрвеня, Мінск /Ігар Хадасевіч – БЕЛТА/. У швейцарскім Ньёне сёння прайшло лёсаванне кантынентальных клубных футбольых турніраў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У 1-м кваліфікацыйным раўндзе Лігі Еўропы (гэты турнір прыйшоў на змену кубку УЕФА) выступяць дзве мінскія каманды. Срэбны прызёр чэмпіянату Беларусі мінскае «Дынама» двойчы згуляе з бронзавым прызёрам чэмпіянату Македоніі клубам «Рэнова» з горада Цепчышта. Бронзавыя прызёры беларускага першынства футбалісты мінскага МТЗ-РІПА таксама возьмуць курс на Балканы – іх сапернікам будзе чарнагорская каманда «Суцьеска» з Нікшыча. У мінулым сезоне будучыя сапернікі беларускай дружыны таксама фінішавалі трэцімі ў сваім нацыянальным першынстве. Абедзве нашы клубы свае першыя сустрэчы правядуць дома 2 ліпеня, а 9 ліпеня выступяць на палях сапернікаў.
Яшчэ адзін прадстаўнік Беларусі, уладальнік Кубка наваполацкі «Нафтан» уступіць у барацьбу з 2-га кваліфікацыйнага раўнда. Яго сапернікам будзе пераможца двухраўндавай дуэлі паміж славацкім «Спартакам» (Трнава) і азербайджанскім «Інтэрам» (Баку). Матчы 2-га раўнда кваліфікацыі адбудуцца 16 і 23 ліпеня.
Раней адбылося лёсаванне кваліфікацыі самага прэстыжнага турніру – Лігі чэмпіёнаў. Футбалісты БАТЭ ў 2-м крузе двойчы сустрэнуцца з клубам «Македонія» (Скоп'е). Першую гульню барысаўчане правядуць 14 ці 15 ліпеня ў гасцях, а 21 ці 22 ліпеня прымуць сапернікаў у сябе дома.-0-