Аптымізацыя АПК Беларусі будзе працягнута за кошт укрупнення гаспадарак - А.Лукашэнка

10 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аптымізацыя аграпрамысловага комплексу Беларусі будзе працягнута за кошт укрупнення гаспадарак, аднак гэты працэс павінен праходзіць натуральным шляхам. Аб гэтым заявіў 8 жніўня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы СПК "Астрамечава" Брэсцкага раёна, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. У другі дзень рабочай паездкі па рэгіёнах краіны Прэзідэнт пабываў у адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў Брэсцкага раёна – СПК "Астрамечава". Па аб'ёме вытворчасці валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі СПК знаходзіцца на другім месцы ў раёне, а па ўраджайнасці збожжавых лідзіруе: летась гэты паказчык склаў 58,2 ц/га, сёлета дасягае 55,5 ц/га. Важныя поспехі гаспадаркі ў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. У 2008 годзе па паказчыку надою малака (звыш 7 тыс.кг ад каровы) СПК "Астрамечава" заняў сёмыя месца ў Брэсцкай вобласці. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ёсць узоры гаспадарак, па якіх трэба выбудоўваць працу ўсіх сельгаспрадпрыемстваў. "У нас ужо ёсць маса такіх узорных гаспадарак, на якія ўсім трэба арыентавацца ў плане структуравання зямельных угоддзяў, тэхналогій, дысцыпліны і іншага", – сказаў кіраўнік дзяржавы, у якасці аднаго з паказальных прыкладаў прывёўшы СПК "Астрамечава", які наведваў. Прэзідэнт падкрэсліў мэтазгоднасць паступовага укрупнення гаспадарак у раёнах. Аптымальны памер гаспадаркі, з яго пункту гледжання, каля 10 тыс.га. "Аднак штучна заганяць усіх у буйныя гаспадаркі нельга. Я катэгарычны праціўнік штучнага укрупнення: калі нейкая невялікая гаспадарка працуе прыбыткова, то хай так і застаецца", – сказаў ён. Напрыклад, аграпрам Брэсцкага раёна, па словах Аляксандра Лукашэнкі, "структураваны як мае быць", а таму "трэба ісці ў іншыя раёны і глядзець, што трэба зрабіць там". Беларускі лідар прызнаўся, што раней лічыў больш пераважным варыянт невялікіх маштабаў гаспадарак (каля 5 тыс.га). "Але цяпер, калі мяняюцца тэхналогіі, трэба па-іншаму ставіцца да дысцыпліны, трэба лічыць грошы, малыя гаспадаркі не заўсёды спрацоўваюць эфектыўна. Патрэбны буйныя гаспадаркі", – падкрэсліў Прэзідэнт. Ён дадаў, што яшчэ адным фактарам, які пераконвае ў неабходнасці укрупнення, з'яўляецца тое, што ўсё больш сельскіх жыхароў з'язджаюць у аграгарадкі і гарады. "Мы не памылімся з укрупненнем, калі толькі не будзем праводзіць яго штучна", – яшчэ раз падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Будзем ствараць вялікія комплексы зямлі і ўладкоўваць на іх вытворчасць", – дадаў ён. Па словах кіраўніка дзяржавы, сёння ёсць розныя варыянты мадэляў эфектыўнага ўладкавання сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Ён таксама нагадаў сваё патрабаванне, што сучасныя тэхналогіі павінны ўкараняцца паўсюдна, а не толькі ў асобных гаспадарках. Падчас наведвання Брэсцкага раёна Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў пытанне тэхналогій утрымання буйной рагатай жывёлы. У прыватнасці, выпас надойнага статка павінен быць зведзены да мінімуму, а выпас мясных парод жывёлы ажыццяўляцца пераважна на няўгоддзях пры пойменных землях і лугавых палях. Прэзідэнт у чарговы раз акцэнтаваў увагу на тым, што ў будучай пяцігодцы неабходна сыходзіць ад датавання сельскай гаспадаркі. "Мы будзем дапамагаць гаспадаркам толькі па сутнасці. Дзяржава павінна займацца сваім колам пытанняў: зямля, дарогі, сацыяльная сфера. А вытворчая сфера – гэта справа кіраўнікоў прадпрыемстваў", – падкрэсліў ён. У цэнтры ўвагі Аляксандра Лукашэнкі знаходзіліся і пытанні арганізацыі работ па сушцы, дапрацоўцы, захоўванні збожжа і падрыхтоўцы насеннага матэрыялу. У краіне дзейнічае 3,3 тыс. збожжасушыльных комплексаў і 2,3 тыс. асобных невялікіх сушылак. Сёлета ўведзена ў строй 104 комплексы. За суткі перапрацоўваецца 600 тыс.т збожжа, вільготнасць якога складае не больш за 20%. Кіраўніку дзяржавы было дакладзена аб ходзе выканання праграмы мадэрнізацыі збожжасушыльных комплексаў у гаспадарках Брэсцкай вобласці. Брэсцкі губернатар Канстанцін Сумар у размове з Прэзідэнтам узняў пытанне аб селекцыі. Ён адзначыў, што тэрмін выпрабавання выведзеных сартоў насення ў цяперашні час у Беларусі занадта вялікі – 4-5 гадоў, а поўны цыкл селекцыі складае 9-10 гадоў. З-за гэтага айчыннае раслінаводства вымушана адставаць ад замежнага па тэмпах асваення новых сартоў. У сувязі з гэтым старшыня аблвыканкама прапанаваў выкарыстоўваць у севазвароце тыя распрацаваныя сарты, якія пакуль не прайшлі ўсю працэдуру выпрабаванняў, – гэта зэканоміць час. Неабходнасць скарачэння тэрмінаў прызнаюць і беларускія навукоўцы. Разам з тым існуе небяспека таго, што скарачэнне перыяду навукова-даследчых работ па вывядзенні і ўкараненні новых сартоў збожжавых культур можа прывесці да пэўных негатыўных наступстваў. У дадзенай сітуацыі кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным эксперыментальным шляхам выйсці на вырашэнне гэтай праблемы. Ён таксама падкрэсліў, што тэхналогіі селекцыі насення ў Беларусі неабходна паляпшаць. Прэзідэнт наведаў у СПК "Астрамечава" збожжаток, малочна-таварную ферму. Аляксандр Лукашэнка застаўся задаволены ўбачаным і даў высокую ацэнку працы брэсцкіх аграрыяў.-0-