Аптымізацыя сістэмы адукацыі Віцебскай вобласці ў 2013 годзе закране каля 70 школ
Аптымізацыя сістэмы адукацыі Віцебскай вобласці ў 2013 годзе закране каля 70 школ, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок.
У ходзе абмеркавання з мясцовымі ўладамі ўпраўленне адукацыі мяркуе ў бягучым годзе зачыніць 24 школы, а 46 школ рэарганізаваць: сярэднія агульнаадукацыйныя - у базавыя, базавыя - у пачатковыя. Неабходнасць такіх пераўтварэнняў абумоўлена перш за ўсё памяншэннем колькасці навучэнцаў у сельскіх школах, немагчымасцю забяспечыць у малакамлектных школах якасны ўзровень адукацыі, растлумачыў Іван Шчурок.
Пры гэтым начальнік упраўлення падкрэсліў, што закрыццё або рэарганізацыя навучальных устаноў будуць абмяркоўвацца з грамадскасцю. Спецыяльна для падвозу вучняў плануецца закупіць дадатковы аўтатранспарт. Настаўнікам будзе прадастаўлена праца, а ў выпадку неабходнасці - забяспечана іх перападрыхтоўка. У вобласці не хапае педагогаў-псіхолагаў, сацыяльных педагогаў, настаўнікаў замежнай мовы. Акрамя таго, лічыць Іван Шчурок, рэарганізацыя можа стаць адным з рэзерваў для павышэння заработнай платы настаўнікам.
У цяперашні час у вобласці працуюць 535 навучальных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх вучацца 108,2 тыс. навучэнцаў, пры гэтым у 176 гарадскіх школах вучацца 78% усіх школьнікаў, а ў 361 сельскай школе - 22% усіх вучняў. У 2012 годзе колькасць выпускнікоў агульнаадукацыйных школ у вобласці склала 18,5 тыс. чалавек, скараціўшыся ў параўнанні з 2011 годам на 2,2 тыс. чалавек.