Аптымізацыя ўстаноў адукацыі ў Віцебскай вобласці павінна завяршыцца сёлета

Аптымізацыя ўстаноў адукацыі ў Віцебскай вобласці павінна завяршыцца ў 2018 годзе. Пра гэта карэспандэнту «Віцебскіх вестак» паведаміў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома.

У мінулым годзе закрыта 46 малакамплектных школ і 54 рэарганізавана. Эканомія ад аптымізацыі толькі па зарплаце склала амаль 4,4 млн руб.

На думку Дзмітрыя Хомы, працу па зніжэнні затрат у сферы адукацыі нельга ацэньваць толькі па закрыцці і рэарганізацыі ўстаноў. Гэта комплекс пытанняў, накіраваны на аптымізацыю функцый педагогаў, колькасць класаў, падгруп, камунальных затрат, правядзенне энергазберагальных мерапрыемстваў.

Усе зэканомленыя сродкі павінны накіроўвацца на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, набыццё аўтобусаў для падвозу, адкрыццё інтэрнатаў і стварэнне ў кожным райцэнтры «Школ будучыні». Такі праект апрабаваны ў СШ №1 Дубровна. У 2017-м на капітальны і бягучы рамонт, набыццё навучальнага абсталявання затрачана больш сродкаў, чым у папярэднія два гады.

У гэтым годзе аптымізацыя ўстаноў адукацыі павінна завяршыцца. Цяпер на Віцебшчыне амаль у двух дзясятках школ менш за 25 вучняў, у 33 – менш за 50.

Дарэчы, у 11 школах пячное ацяпленне, у трох надворны туалет, 37 будынкаў з'яўляюцца прыстасаванымі і 10 аварыйнымі. Удасканаленне сеткі ўстаноў адукацыі жыццёва неабходна.

З 1 студзеня 2019 года ў Беларусі ўводзіцца нарматыўнае фінансаванне школ. То бок, бюджэт установы адукацыі будзе фарміравацца ад пэўнай сумы на кожнага вучня.

«Віцебскія весткі».