OPUS-2013: новая перамога Вів'єн Сабі
«Вів'єн – вельмі жывое дзяўчо». Так адгукаецца пра юную салістку ўзорнай дзіцячай студыі эстраднай песні «ФОРУМ» ПАЛАСЮК Аксана Яраславаўна, харэограф калектыву. І сапраўды, не паспрэчаеш! Не паспела Вів'єн САБІ атрымаць перамогу ў Кастанаі на фестывалі «ЗОЛАТЫ МІКРАФОН» (красавік 2013 года), як ужо новая ўзнагарода папоўніла скарбонку прызоў віцябчанкі. І на гэты раз салістка заваявала іспанскую публіку.
З 14 па 21 чэрвеня ў горадзе Лларэт-дэ-Мар (Каталонія, Іспанія) прайшоў IX Міжнародны конкурс OPUS-2013, у якім прынялі ўдзел выканаўцы з Беларусі, Ізраіля, Іспаніі, Расіі, ЗША, Украіны і іншых краін. Вів'єн стала першай выканаўцай, якая прадставіла Беларусь на гэтым мерапрыемстве. І такую магчымасць салістка атрымала менавіта ў выніку перамогі ў Кастанаі, дзе адным з прызоў быў грант на ўдзел у OPUS-2013. Вів'єн САБІ не ўпусціла свой шанец – і другое месца ў іспанскім конкурсе (сярэднеўзроставая падгрупа) стала яшчэ адной прыступкай у паспяховай сольнай кар'еры.
На сцэне курорта Лларэт-дэ-Мар віцябчанка выканала дзве кампазіцыі – на рускай і англійскай мовах. Поспех гэтых нумароў стаў магчымым дзякуючы не толькі таленту Вів'єн, але і нястомнай працы яе педагогаў: КІРЫЛАВАЙ Таццяны Міхайлаўны (кіраўніка студыі эстраднай песні «ФОРУМ» Цэнтра культуры «ВІЦЕБСК»), ГУЖЭВАЙ Алены Валянцінаўны (педагога па вакале), ПАЛАСЮК Аксаны Яраславаўны (харэографа).
Падчас падарожжа ў Іспанію Вів'ен здолела зачараваць журы конкурсу, пазнаёміцца са сваімі калегамі па сцэне, а таксама наведаць найбольш цікавыя мясціны Барселоны і вядомы манастыр Мансерат. Новыя ўражанні – гэта выдатная падтрымка ў творчай дзейнасці, бо з імі заўсёды прыходзяць натхненне і энергія. А яны яшчэ не раз спатрэбяцца творчаму тандэму Цэнтра культуры «ВІЦЕБСК», які абмяжоўвацца падарожжам у Іспанію не збіраецца. Больш за тое, ужо дакладна вядомы наступны «пункт прызначэння»: гэта Латвія. У выніку перамогі ў конкурсе OPUS-2013 Вів'ен атрымала не толькі дыплом лаўрэата і памятныя прызы, але і грант на ўдзел у Міжнародным моладзевым фестывалі папулярнай музыкі і аўтарскай песні «РЫЖСКАЯ СІМФОНІЯ», які пройдзе з 4 па 8 снежня гэтага года ў Рызе.
Хочацца спадзявацца, што пераможнае шэсце юнай салісткі па міжнародных музычных конкурсах прывядзе Вів'ен да таго, пра што яна ўжо даўно марыць – удзелу ў Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе «ВІЦЕБСК», які праводзіцца ў межах «СЛАВЯНСКАГА БАЗАРУ Ў ВІЦЕБСКУ». І гэта тым больш актуальна, што на такім прэстыжным музычным конкурсе Беларусь прадстаўлялі пераважна мінчане. Вів'ен рашуча настроена змяніць усталяваную традыцыю і, магчыма, ужо ў наступным годзе яна прыме ўдзел у «СЛАВЯНСКАМ БАЗАРЫ Ў ВІЦЕБСКУ». Пажадаем ёй поспехаў!
Аддзел рэкламы
ДНУ «Цэнтр культуры «Віцебск»
Тэл. 37 22 92