Досьвед Беларусі па закана­даў­чым рэгуля­ван­ні фарм­рын­ку запат­рэ­ба­ва­ны ў мно­гіх кра­і­нах СНД

8 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Вопыт Беларусі ў галіне заканадаўчага рэгулявання абарачэння лекавых сродкаў запатрабаваны ў многіх краінах СНД, якія выкарыстоўваюць яго ў якасці асновы пры распрацоўцы нацыянальных заканадаўстваў. Пра гэта заявіў намеснік міністра аховы здароўя Валерый Шаўчук сёння ў Віцебску на VIII з'ездзе фармацэўтаў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. За апошнія гады ў Беларусі створана нацыянальная заканадаўчая мадэль у сферы абарачэння лекавых сродкаў, якая ўлічвае міжнародны вопыт. У 2006 годзе ўступіў у сілу закон аб лекавых сродках, што дазволіла сістэматызаваць шматлікія падзаконныя акты, а ў 2009 годзе з улікам правапрымяняльнай практыкі ў закон унесены змяненні. У выніку ў краіне прыняты дакладныя правілы работы на фармацэўтычным рынку, якія гарманізаваны з патрабаваннямі міжнароднага заканадаўства, устаноўлены дакладны і зразумелы парадак рэгістрацыі лекавых сродкаў і кантролю за іх абарачэннем і якасцю. "Прынятыя меры па абароне айчыннага фармрынку дазволілі выключыць з'яўленне фальсіфікаваных лекавых сродкаў, за апошнія пяць гадоў не выяўлена ніводнага факту фальсіфікату", - адзначыў Валерый Шаўчук. У Беларусі паспяхова рэалізуецца дзяржаўная праграма пераходу айчынных фармвытворцаў на прынцыпы GMP, якая гарантуе высокую якасць лекавых сродкаў, дадаў намеснік міністра.-0-