Досьвед Віцебскага Чырвонага Крыжа па мабілізацыі валанцёраў можа быць распаўсюджаны ў краінах СНД

12 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Вопыт Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) у рэалізацыі маладзёжных міні-праектаў па развіцці валанцёрскага руху можа быць пашыраны ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, а таксама ў іншых краінах СНД. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам каардынатар праграм па Беларусі прадстаўніцтва Міжнароднай федэрацыі Таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца ў Беларусі Сяргей Болтрушэвіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Праект "Маладзёжныя ініцыятывы" рэалізуецца БТЧК трэці год і зарэкамендаваў сябе як паспяховы і ўстойлівы праект, адзначыў Сяргей Болтрушэвіч. За гэты час у краіне з'явіліся новыя валанцёрскія групы і ініцыятывы не толькі ў гарадах, але і ў сельскай мясцовасці. "Прыемна бачыць, што рабяты з невялікіх населеных пунктаў, у прыватнасці Віцебскай вобласці, праяўляюць ініцыятыву і гатовыя ўнесці свой уклад у вырашэнне праблем безнагляднасці, прафілактыкі ВІЧ/СНІД, ініцыююць крэатыўныя праекты па вырашэнні мясцовых праблем", - сказаў Сяргей Болтрушэвіч. Акрамя таго, у Віцебскай вобласці ёсць валанцёры Чырвонага Крыжа на прадпрыемствах, гэта значыць рабяты, якія прыйшлі ў рух яшчэ ў гады вучобы, і пасля заканчэння школ і ВНУ застаюцца верныя яго ідэалам. Па завяршэнні праекта прадугледжваецца абагульніць лепшыя міні-праекты і ініцыятывы Віцебскай абласной арганізацыі БТЧК для іх магчымай рэалізацыі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, а таксама рэкамендаваць іх да распаўсюджвання ў іншых краінах СНД, дадаў Сяргей Болтрушэвіч. Атрад валанцёраў БТЧК налічвае больш за 23 тыс. чалавек, з якіх каля 4 тыс. актывістаў пастаянна ўдзельнічаюць у руху Чырвонага Крыжа. Штогод у краіне рэалізуюцца каля 200 міні-праектаў і ініцыятыў як за кошт уласных сродкаў арганізацый БТЧК, так і пры падтрымцы замежных партнёрскіх арганізацый.-0-