Дасведчаныя хлебаробы і навучэнцы сельскагаспадарчых ліцэяў. Пад Воршай прайшоў абласны конкурс аратых

Опытные хлебопашцы и учащиеся сельхозлицеев. Под Оршей прошел областной конкурс пахарей
Маладосць і прафесіяналізм у тандэме: унікальны вопыт максімальнага яднання сельгасвытворчасці з навучаннем укараняюць на Віцебшчыне. На палявым стане філіяла СГЦ «Задняпроўскі» ААТ «Аршанскі КХП» упершыню плячом да пляча спаборнічалі экіпажы з дасведчаных аратых Віцебскай, Полацкай, Аршанскай і Глыбоцкай інтэграцыйных структур і навучэнцы сельгаслыцэяў і каледжаў. Абласны конкурс прафесійнага майстэрства па кваліфікацыі «Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці» сабраў 44 удзельнікі.

 

Як падкрэсліў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, які асабіста ацаніў якасць успашкі і павіншаваў удзельнікаў спаборніцтваў, конкурс адлюстроўвае стратэгію развіцця сельскай гаспадаркі Віцебшчыны.

– Будучыня – за моладдзю. За чалавекам працы, які вырошчвае хлеб і корміць чалавецтва, – адзначыў кіраўнік вобласці. – Каму заўтра працаваць, калі не моладзі? Але як прыцягнуць яе на вёску? Мы вызначылі дакладную стратэгію. Менавіта з навучэнцамі каледжаў і ліцэяў сельскагаспадарчай накіраванасці адпрацоўваем гэта на справе. Механізатараў сёння вельмі не хапае, асабліва ў пік сезона. Мы штогод прыцягваем парадку 700 – 800 рабочых з гарадоў. І ў гэты ж час 700 механізатараў штогод выпускаюць нашы навучальныя ўстановы.

Звяртаючыся да моладзі, Мікалай Шарснёў дадаў, што было прынята рашэнне ў рамках навучальнай праграмы павялічыць практыку з пяці тыдняў да паўгода.

– Гэта зроблена для таго, каб вы маглі рэальна асвоіць тыя сельгасагрэгаты, трактары, на якіх сёння працуюць механізатары. За пяць тыдняў гэта немагчыма, – канстатаваў кіраўнік вобласці. – Вы набіваеце руку, асвойваеце агрэгат і атрымліваеце заработную плату. Самае галоўнае – разуменне таго, што сяло мяняецца: цяпер іншая тэхніка, іншыя падыходы, іншая заработная плата. І заўтра вы будзеце працаваць на яшчэ больш удасканаленай тэхніцы, чым вам давялося сёння араць. Прагрэс не стаіць на месцы. Пад вас будуць створаны абсалютна новыя гаспадаркі не па 1,5 – 2 тыс. га ворыва, як раней, а інтэграцыйныя структуры з размахам да 100 і больш тысяч гектараў ворыва.

 

Старшыня аблвыканкама адзначыў, што конкурсы аратых павінны стаць традыцыяй у кожным раёне.

У сваю чаргу старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў абазначыў, што час высокіх тэхналогій дыктуе зусім іншыя ўмовы працы для аграрыяў.

– На першы план выходзіць прафмайстэрства людзей, якія задзейнічаны ў сельскагаспадарчым працэсе. Таму ўдзел у конкурсе настаўніка і вучня невыпадковы. Мы павінны рыхтаваць прафесіяналаў, якія будуць вырошчваць добры і танны хлеб, – дадаў кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці.

Па ўмовах конкурсу, кожны ўдзельнік на адным з чатырох відаў апрацоўчых агрэгатаў – «Беларус», «Кіравец», Xerion-5000 і Case IH Steiger выконваў па 12 поўных праходаў.

На гэтых спаборніцтвах хуткасць не галоўнае, не важна, і якую адлегласць вы пераадолееце за пэўны час. На першым месцы – глыбіня, раўнамернасць і лінейнасць успашкі зямлі.

Спаборніцтвы прайшлі ў чатыры змены.

– Было вельмі складана і хвалююча, – распавёў трэцякурснік Дубровенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Віктар Мацулёў. – Я ўпершыню ўдзельнічаю ў такім конкурсе. Да гэтага з настаўнікам з Аршанскага КХП Дзмітрыем Філіповічам два тыдні адпрацоўваў навыкі на палях Борздаўкі, пад Коханавам. Сёння паказалі, чаму навучыліся. Я рады, што давялося папрацаваць на такой тэхніцы, як Case IH Steiger. У ліцэі я асвойваў толькі МТЗ-1221 і МТЗ-82. Цяпер з упэўненасцю магу сесці за штурвал сучаснай сельхозмашыны – нічога не страшна. Гэта велізарны вопыт і гонар для мяне.

 

І гэты вопыт быў ацэнены па заслугах – тандэм Дзмітрыя Філіповіча і Віктара Мацулёва заняў 1-е месца ў спаборніцтвах экіпажаў на Case IH Steiger.

Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Міхаіл Прыдыбайла адзначыў, што конкурс адаптавалі для таго, каб падкрэсліць важнасць прафесіі хлебароба, ацаніць узровень інтэграцыйных структур, якія сёння з'яўляюцца тэхнічнай асновай машынна-трактарнага парку Віцебшчыны.

– Толькі за 2017 год у інтэграцыйныя структуры было набыта больш за 1300 адзінак пасяўной, даглядальнай, глебаапрацоўчай тэхнікі, якая дае магчымасць у сціснутыя агратэхнічныя тэрміны выконваць асноўныя аперацыі, – канстатаваў Міхаіл Прыдыбайла. – Мы хочам, каб моладзь як мага хутчэй разбіралася ў спецыфіцы прафесіі, знаёмілася з тэхнікай і прыёмамі працы на ёй, працавала высокапрафесійна і эфектыўна на сучасных агрэгатах.

На Віцебшчыне ўсе тэрміны выканання агратэхнічных прыёмаў сціснуты. Рэгіёну прырода дала на 10 – 15 дзён менш у параўнанні з астатнімі абласцямі нашай краіны. Наша задача – паспець зрабіць вялікія аб'ёмы работ за кароткі перыяд часу. Без высокапрадукцыйнай тэхнікі, падрыхтаваных механізатараў, гэта зрабіць немагчыма.

Як належыць, фінальным акордам конкурсу аратых стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў. Лепшай структурай, якая паказала найвышэйшае майстэрства, прызнана каманда механізатараў ААТ «Аршанскі КХП».

Арганізатарамі абласнога конкурсу аратых выступілі камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні, галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама, Аршанскі райвыканкам, ААТ «Віцебскмясамалпрам».

"Віцебскія весці".