Эксперыментальны ўзор новай мадэлі школьнага аўтобуса плануецца перадаць у Віцебскую вобласць вясной 2016 года
Эксперыментальны ўзор новай мадэлі школьнага аўтобуса плануецца перадаць у Віцебскую вобласць вясной 2016 года. Пра гэта паведаміў старшыня праўлення ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" Сяргей Румас.
"Банк развіцця выступіў з ініцыятывай прафінансаваць распрацоўку прынцыпова новай мадэлі школьнага аўтобуса. Цяпер канструктары "МАЗа" працуюць над ёй. Мы чакаем, што да вясны 2016 года эксперыментальны ўзор, які будзе перададзены ў Віцебскую вобласць, будзе гатовы", - сказаў ён.
"Хачу нагадаць, што аўтобусы мы купляем па конкурсе, у якім сёлета перамог "МАЗ". Да прыкладу, летась частка аўтобусаў была расійскай вытворчасці. Мы разлічваем, што да 1 верасня 2017 года ў конкурсе з боку "МАЗа" ўжо будуць удзельнічаць новыя мадэлі, якія змогуць добра сябе зарэкамендаваць і на грунтавых пакрыццях у сельскай мясцовасці", - падкрэсліў Сяргей Румас. Генеральны дырэктар Мінскага аўтамабільнага завода Дзмітрый Кацярыніч адзначыў, што сённяшнія мадэлі школьных аўтобусаў былі адаптаваны для перавозкі дзяцей. "Новая мадэль распрацоўваецца спецыяльна для школьнікаў і будзе адрознівацца павышанай праходнасцю", - растлумачыў ён.
Сёння адбылася перадача 21 школьнага аўтобуса Упраўленням адукацыі Магілёўскага і Брэсцкага абласных выканаўчых камітэтаў. Яна прайшла ў рамках праграмы "Школьны аўтобус", якая рэалізуецца Банкам развіцця і прадугледжвае набыццё на працягу 2013-2017 гадоў не менш за 300 адзінак спецыяльна абсталяваных школьных аўтобусаў за кошт сродкаў банка. "За тры гады мы ўжо паставілі больш за 130 аўтобусаў у рэгіёны. Усе 60 аўтобусаў, якія мы запланавалі на гэты год, будуць перададзены спажыўцам на працягу 1-й паловы верасня. Сваю працу мы не абмяжоўваем толькі пастаўкай аўтобусаў. Мы адсочваем іх эксплуатацыю ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Усе заўвагі, і станоўчыя, і адмоўныя, перадаём на "МАЗ". Варта адзначыць, што завод да іх прыслухоўваецца і аператыўна ўстараняе недахопы", - падкрэсліў Сяргей Румас.
Акрамя таго, старшыня праўлення Банка развіцця паведаміў, што ў наступным годзе будуць замоўлены аўтобусы для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. "Такія заяўкі былі ў нас і ў гэтым годзе, але мы іх не задаволілі. У наступным годзе мы плануем паставіць у рэгіёны такія аўтобусы", - адзначыў старшыня праўлення Банка развіцця.
Да асноўных пераваг школьнага аўтобуса МАЗ можна аднесці дадатковыя сістэмы бяспекі для дзяцей і кіроўцы, а таксама прымяненне ў канструкцыі пнеўмападвескі. У салоне размяшчаюцца 22 месцы для сядзення. Усе яны абсталяваны рамянямі бяспекі. На аўтобусе ўстаноўлены праблескавыя маячкі, знешняя гучнамоўная сувязь, высоўная прыступка. Тэхніка абсталявана таксама сістэмай абмежавання хуткасці да 60 км/г і пазначана спецыяльным надпісам "Школьны".
ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" - гэта спецыялізаваны фінансавы інстытут, заснавальнікамі якога з'яўляюцца Савет міністраў і Нацыянальны банк Беларусі. У ліку асноўных задач, пастаўленых перад банкам, - фінансаванне доўгатэрміновых і капіталаёмістых інвестыцыйных праектаў у рамках рэалізацыі дзяржпраграм і мерапрыемстваў.