Ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджаны заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, мастак Аляксандр Салаўёў
Апладысменты на адрас аднаго мастака на вернісажы, які звязаны з творчасцю больш чым паўсотні аўтараў, выпадак асаблівы. І 22 лютага яны несмолкальна гучалі ў гонар заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Салаўёва. У музейнай зале адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання ордэнам Францыска Скарыны мастака, які перасягнуў свой 90-гадовы рубеж. Высокая дзяржаўная ўзнагарода была прысуджана Аляксандру Салаўёву адпаведным указам Прэзідэнта ў лістападзе мінулага года за значны асабісты ўклад у развіццё мастацтва і культуры Беларусі. Ордэн мастаку ўручыў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, ён прызнаўся, што з гонарам выконвае ганаровую місію, і сам асабіста з вялікай павагай ставіцца да Аляксандра Аляксандравіча і як да чалавека, і як да творцы, яркай асобы, філосафа, эрудыта.
— Рад, што так адбылося, — падзякаваў за ўзнагароду А.Салаўёў. І ён, хто сумеў злучыць у сваёй творчасці абстрактнае мастацтва з рэалізмам, аформіў больш за сто тэатральных спектакляў, перадаў у дар віцебскім музеям дзясяткі сваіх работ, у адказным слове сказаў:
— Мастак не павінен гаварыць, для гэтага ёсць яго работы. Можа я нешта і зрабіў, але гэта яшчэ не фінал. Самая галоўная задача для мастака — знайсці самога сябе. Я стараўся, шукаў, нягледзячы на выпрабаванні і смутак, і зараз мне здаецца, што жыццё ўсё роўна толькі пачынаецца, і нешта важнае яшчэ ёсць наперадзе…
У 2015 годзе ордэна Францыска Скарыны быў удастоены член абласной арганізацыі БСХ Юрый Зуеў, цяпер у шэрагах віцебскіх мастакоў два кавалеры гэтага ордэна.
Выстава работ Аляксандра Салаўёва ўвайшла складовай часткай у агульную экспазіцыю, прысвечаную 65-годдзю абласной арганізацыі БСХ. У гэтым праекце Мастацкі музей прадставіў таксама выставу «Вытокі», якая ўключае творы мастакоў, якія прыйшлі ў саюз у 1945 – 1975 гадах. Гэта класікі
беларускага мастацтва — Ісаак Бароўскі, Антон Каржэнеўскі, Іван Сталяроў, Рыгор Клікушын, Яўгеній Мікалаеў, Пётр Явіч, Валянцін Дзежыц, Фелікс Гумен, Генадзь Шутаў і шматлікія іншыя аўтары. У юбілейным «трыпціху» яшчэ адна частка — «Саюз творцаў». Гэтая экспазіцыя адлюстроўвае творчасць пакалення віцебскай мастацкай школы, што папоўніла рады БСХ у 1975 — 1990 гадах.Праект цікавы, безумоўна, мастацкім зместам, але ўвагу прыцягвае і яго дакументальная частка, гістарычныя фотаздымкі, на якіх затрыманы акцыі вядомага віцебскага аб'яднання «Квадрат», моманты на пленэрах, сустрэчы...
У цэлым, у мастацка-дакументальны праект увайшло 91 твор 58 жывапісцаў, графікаў, скульптараў. Уся экспазіцыя дазваляе прасачыць развіццё самых розных напрамкаў у мастацтве, пераемнасць пакаленняў.
Сёння абласная арганізацыя Беларускага саюза мастакоў з'яўляецца найбуйнейшай у рэспубліцы, аб'ядноўвае 106 чалавек.
Да юбілейнага вернісажу былі прымеркаваны ўзнагароды віцебскім майстрам — Аляксандру Малею ўручана грамата Міністэрства культуры Беларусі, Мікалаю Гугніну — Ганаровая грамата абласнога Савета дэпутатаў, Азат Тарасян узнагароджаны Ганаровай граматай гарадскога Савета дэпутатаў.
Наталля КРУПІЦА. Фота Алега КЛІМОВІЧА. «Віцьбічы».