Арганізатары экалагічнага фестывалю «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» абмеркавалі шляхі супрацоўніцтва з Еўрасаюзам

Организаторы экологического фестиваля «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» обсудили пути сотрудничества с Евросоюзом
Настаў верасень. Наліваецца сокам і фарбай журавіны, збіраюцца ў чарады птушкі, рыхтуючыся да адлёту ў цёплыя краі. У гэты час пераходу ад лета да восені на Віцебшчыне праходзіць яркае мерапрыемства – экалагічны фестываль «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю».

Свята яднання чалавека і прыроды збірае мноства жыхароў краю, з году ў год расце і колькасць замежных гасцей. Дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі знайшлі агульную кропку судакранання – неабходнасць развіцця сельскіх тэрыторый, выхавання экалагічнай культуры і аховы прыроды. З абмеркавання на семінары гэтай тэмы і пачаўся фестываль, якому папярэднічаў тыдзень разнастайных мерапрыемстваў – конкурсаў, віктарын, спаборніцтваў.

Гаспадары і госці, сярод якіх быў і эксперт Латвійскага сельскага форуму Арыс Адлерс, абмеркавалі шляхі супрацоўніцтва з Еўрасаюзам з мэтай развіцця сваіх тэрыторый. Пра гэта гаварыў і павераны ў справах Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Берэнд Дэ Грот. Фестываль стаў брэндам Міёршчыны, які праслаўляе край. Акрамя латышоў у ім прынялі ўдзел дэлегацыі з расійскай Апочкі, суседніх Полацкага, Наваполацкага, Глыбоцкага, Шаркаўшчынскага і Верхнядзвінскага раёнаў, госці са сталіцы і іншых гарадоў Беларусі.

Ельня — аэрапорт для птушак

– Тут птушкі адкормліваюцца, і тут у іх самае зручнае месца для начлегу, – распавёў дырэктар грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Аляксандр Вінчэўскі. – Да цэнтра балота практычна ніякі хіснік не даходзіць, таму журавоў на ім тысячы. На Ельні журавы толькі ночуюць, а ежу здабываюць на навакольных яе палях і лугах на адлегласці 20 — 30 км. Кожны вечар яны злятаюцца на балота, мы налічвалі да 6000 асобін.

Птушкі, якія прыляцелі раней, ужо адляцелі. Цяпер на Ельні адпачывае прыблізна тысяча птушак. Паступова журавоў будзе ўсё больш і больш, апошнія затрымліваюцца да канца лістапада і нават да пачатку снежня. Шлях міграцыі птушак — усходне-міжземнаморскі. Жураўлі ляцяць праз Украіну, далей у Турцыю і Ізраіль, затым – Эфіопія і частка афрыканскага кантынента.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Менавіта паназіраць за гэтай цудоўнай птушкай, паслухаць апавяданні экскурсаводаў-валанцёраў прыязджаюць на фестываль сотні людзей. На аглядную пляцоўку ўтваралася ўнушальная чарга. 30-кратнае павелічэнне бінокля стварае ілюзію, быццам птушка ходзіць побач.

Шэры журавель — адна з самых вялікіх птушак у Еўропе вышынёй да 140 см і размахам крылаў больш за 2 метры. Спадарожніка выбірае на ўсё жыццё. Птушкі круглы год трымаюцца адна адной. За сезон у пары з'яўляецца не больш за два птушаняты. Прычым, як правіла, выжывае толькі адно з іх.

Клюква – наша багацце 

Заказнік «Ельня» – адно з самых багатых на клюкву месцаў. Мясцовыя жыхары нарыхтоўваюць ягаду для сябе і на продаж. У меню гаспадынь дзясяткі страў з клюквы: марсы, кісялі, падліўкі, соусы, здобнае цеста. На сельскіх падворках якіх толькі пачастункаў не было з ёй! Каўбаса, мяса, заліўное – кіслінка надае пікантнасць смаку.

Гэтая ягада – добры крыніца папаўнення сямейнага бюджэту. Без уліку збыту на рынках дзясяткі тон міёрцы здаюць нарыхтоўшчыкам. У адрозненне ад ранейшых гадоў, калі ягаду можна было купіць толькі ў гандлёвым пункце мясцовага райпо, у гэтым яе прадавалі некалькі дзясяткаў зборшчыкаў з Міёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў.

Гандлёвы шэраг з журавінамі ў скрынках, вядрах, кошыках, слоіках сустракаў тых, хто прыйшоў на паўвостраў – традыцыйнае месца правядзення фестывалю. Была і машына прыватнага прадпрыемства «Аржаніца» з Глыбокага. Малады гаспадар Васіль Брылёнак з памочнікам бойка гандлявалі ягаднымі дэсертамі: журавінавым дражэ, мармеладам, сіропам. Побач стаяла чарга да прылаўка магазіна Верхнядзвінскага райпо.

Новы імпульс развіцця

Сёлета свята "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю" стала часткай вялікага праекта "Разам для супольнасці і прыроды: умацаванне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз партнёрства мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці". Яго ўдзельнікі разам з раённай уладай запрасілі на свята зборшчыкаў ягад, рамеснікаў, каб стымуляваць іх жаданне зарабляць на такіх мерапрыемствах. Ці ўдалося? Так.

Вось толькі адзін прыклад. Раней міёрчанка Ксенія Масколенка распісвала пернікі толькі ў падарунак сябрам, выйсці са сваёй прадукцыяй на рынак не адважвалася. Ёй прапанавалі даць майстар-клас на фестывалі. 100 каржоў і нарыхтовак да іх, распісаных на вачах дзяцей і дарослых, разышліся імгненна. Гэта першае яе дасягненне. Другое – падзяка ПА "Ахова птушак Бацькаўшчыны", якая ўручана ёй як адной з актыўных ахоўнікаў «Ельні».

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Цікавасць у наведвальнікаў выклікаў і майстар-клас па пляценні з дзікарослых раслін. Каля стала полацкай майстрыхі тэхналогію рамяства асвойвалі дзяўчаты і дарослыя жанчыны.

– У нас шмат таленавітых людзей, – сказала каардынатар праекта Надзея Дударанок. — Трэба зацікавіць іх вырабам і продажам сувеніраў, на якія ў Міёрах існуе попыт. Нехта ўжо ўмее нешта, іншых навучым, важна зрухнуць справу з мёртвай кропкі.

На «Фотасушцы» ўсе ахвотныя маглі прасачыць гісторыю фестывалю. Яго адметнасцю была і выстава хатняга начыння, прылад працы нашых продкаў, якую арганізаваў настаўнік гісторыі і краязнавец Вітольд Ермалёнак. Быў пакладзены пачатак збору экспанатаў для будучага музея «Журавінаў і жураўлёў» – гараджане прыносілі прадметы з выявай бусла або журавін.

Традыцыйна былі падведзены вынікі па добраўпарадкаванні вытворчых і прыдамавых тэрыторый, пераможцы ўзнагароджаны граматамі райвыканкама і сертыфікатамі на атрыманне падарункаў, названы лепшыя старэйшыны.

"Віцебскія весці".