Арганізацыі ЖКГ павінны больш актыўна інфармаваць насельніцтва аб сваёй працы - А.Косінец

11 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Арганізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі павінны больш актыўна інфармаваць насельніцтва аб сваёй рабоце. Аб гэтым заявіў сёння падчас прамой лініі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Людзі павінны ведаць аб рабоце і планах на бліжэйшы час сваіх ЖРЭТаў і ЖЭС", - сказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама. Паводле яго слоў, інфармацыя павінна паступаць своечасова і ў поўным аб'ёме, тады ў насельніцтва менш будзе трывог і хваляванняў па пытаннях, з якімі з-за адсутнасці звестак яны вымушаны звяртацца ў вышэйстаячыя інстанцыі. Усяго падчас амаль трохгадзіннай прамой лініі губернатар прыняў каля 50 званкоў ад жыхароў абласнога цэнтра, Полацка, Віцебскага, Сенненскага, Шумілінскага і Лёзненскага раёнаў. Большасць з іх былі звязаны з пытаннямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, капітальным рамонтам дамоў, добраўпарадкаваннем двароў, дарог, паркаў і зон адпачынку, старым жыллём. Апошняе з'яўляецца актуальным не толькі для тых, хто сёння дазваніўся. У Віцебску налічваецца 354 дома з пячным ацяпленнем, дзе няма нармальных умоў для жыцця. Гэту праблему плануецца вырашыць да 2013 года: такія дамы будуць рэканструяваны або знесены, адзначыў Аляксандр Косінец. Вострым пытаннем застаецца для насельніцтва і якасць будаўнічых работ. Нараканні людзей выклікаюць недаробкі і дэфекты ў новабудоўлях. Па кожным такім звароце губернатар даручыў стварыць рабочыя камісіі, на працягу некалькіх дзён абследаваць жыллё і ліквідаваць дэфекты. Усе паступіўшыя звароты грамадзян узяты на кантроль. Па кожным з іх старшыня аблвыканкама даручыў разабрацца і дапамагчы людзям, удзяліўшы самае пільную ўвагу грамадзянам, вымушаным звяртацца для вырашэння сваіх праблем паўторна.-0-