Арганізацыя работы па прафілактыцы сіроцтва і абароне правоў дзяцей абмяркоўваецца на семінары ў Полацку

1 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Дзейнасць дзяржаўных органаў па абароне правоў дзяцей і фарміраванне рэгіянальнай мадэлі работы па ахове дзяцінства прааналізуюць удзельнікі рэспубліканскага семінара, які адкрыўся сёння ў Полацку. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні адукацыі Віцебскага аблвыканкама. У мерапрыемстве прымаюць удзел каля 200 спецыялістаў Міністэрства адукацыі, упраўленняў адукацыі з усіх рэгіёнаў краіны, інстытутаў развіцця адукацыі і іншых арганізацый, якія забяспечваюць работу па ахове дзяцінства. Асноўнай мэтай семінара з'яўляецца знаёмства з вопытам работы органа апекі і папячыцельства Полацка па прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва, у тым ліку па арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння пры правядзенні мерапрыемстваў па аднаўленні сям'і. На працягу двух дзён удзельнікі наведаюць шэраг гарадскіх школ, дашкольных і сацыяльных устаноў, дзе на практыцы пазнаёмяцца з работай полацкіх спецыялістаў па шэрагу напрамкаў у сферы абароны правоў дзяцей, у тым ліку па папярэджанні сямейнага неладку, арганізацыі рэабілітацыі дзяцей, прафілактыцы безнагляднасці і сацыяльнага сіроцтва, прымяненні інтэрактыўных метадаў работы з сем'ямі. Акрамя таго, спецыялісты з усёй краіны стануць удзельнікамі пасяджэння клуба прыёмных бацькоў, які створаны пры гарадскім аб'яднанні па пазашкольнай рабоце. Работа семінара будзе арганізавана па чатырох секцыях. У ходзе секцыйных заняткаў удзельнікі, у прыватнасці, абмяркуюць выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у дзейнасці па ахове дзяцінства, абмяняюцца вопытам работы па стварэнні і суправаджэнні прыёмных сем'яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Арганізатарамі рэспубліканскага семінара выступаюць Міністэрства адукацыі, Віцебскі аблвыканкам і Полацкі гарвыканкам.-0-