Арганізацыйнае пасяджэнне па падрыхтоўцы да Дня беларускага пісьменства прайшло ў Гарадку

Арганізацыйнае пасяджэнне па пытанні падрыхтоўкі да правядзення Дня беларускага пісьменства ў Гарадку адбылося ў райвыканкаме. Удзел у яго рабоце прынялі намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, старшыня райвыканкама Пётр Карабач, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Новіцкая.

У ходзе сустрэчы быў разгледжаны шэраг арганізацыйных момантаў, у прыватнасці функцыянаванне сістэмы транспартных зносін, арганізацыя харчавання гасцей і ўдзельнікаў свята.

— Гэта мерапрыемства — ХХХ Дзень беларускага пісьменства — юбілейнае. Таму яго правядзенню на ўзроўні раёна, вобласці і рэспублікі трэба надаць асаблівую ўвагу. Зыходзячы з убачанага і пачутага, сёння я разумею, што работа ўжо ідзе, — сказаў Ігар Бузоўскі.

Таксама Ігар Іванавіч адзначыў, што праводзімая работа, анонсы будучых мерапрыемстваў, арганізацыйныя моманты — усё гэта павінна быць даступна грамадзянам задоўга да правядзення мерапрыемства. У гасцей павінна быць час, каб азнаёміцца з праграмай і скарэкціраваць свае планы.

У завяршэнне афіцыйнай часткі сустрэчы кіраўніцтва наведала асноўныя сацыяльныя аб'екты, размешчаныя ў цэнтры горада, якія і стануць асноўнай пляцоўкай для правядзення святочных мерапрыемстваў.

"Віцебскія весці"