Аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзеньні «Дажынак-2014» наведаў Гарадок

Оргкомитет по подготовке и проведению «Дажынок-2014» посетил Городок

Пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2014» з удзелам намесніка прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіла Русага, прадстаўнікоў усіх міністэрстваў, абласных структур пачалося ў Віцебскім аблвыканкаме, а працягнулася непасрэдна ў Гарадку, які зараз нагадвае вялікую будоўлю.

Як адзначыў Міхаіл Русы, створана базавая праграма работ у сталіцы фестывалю, якая дае магчымасць ацаніць працэс падрыхтоўкі па канкрэтных аб'ектах і прадумаць мэтазгоднасць выкарыстання грашовых рэсурсаў.

– Усё неабходна зрабіць добра, але з улікам аптымізацыі выдаткаў. Дзяленне – «гэта павінна вобласць выканаць, а гэта рэспубліка» – недапушчальна. Усе пытанні вырашаем сумеснымі намаганнямі, пачынаючы з міністэрстваў, у чыім падпарадкаванні тыя ці іншыя аб'екты, – падкрэсліў Міхаіл Іванавіч.

Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў паведаміў, што затраты, якія заяўляліся раней – 2,5 трлн руб – былі перагледжаны, прадуманы варыянты эканоміі. У выніку з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў спатрэбіцца 435 млрд рублёў, астатняе складуць уласныя сродкі прадпрыемстваў і ведамстваў, спонсарскія ўкладанні. Распрацаваны новы генплан Гарадка, а таксама буйных населеных пунктаў раёна, такіх, як Пальмінка і Бычыха. У цяперашні час у райцэнтры ажыццяўляецца тэрмарэнавацыя будынкаў і жылых дамоў, замена даху, вядуцца работы на аб'ектах ЖКГ, культуры, гандлю, аховы здароўя, фізкультуры і спорту. Але ёсць моманты, па якіх узнікаюць пытанні.

Сярод такіх – аграрна-тэхнічны каледж, па якім на сённяшні дзень не вызначаны крыніцы фінансавання. Між тым, на думку старшыні аблвыканкама Аляксандра Косінца, менавіта на ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі варта звярнуць асаблівую ўвагу.

– Што тычыцца каледжа, то тут неабходна мадэрнізаваць не толькі навучальны корпус і інтэрнаты, але і майстэрні, гаражы, трактарны парк. Важна, у якіх умовах мы рыхтуем трактарыстаў-машыністаў, аператараў машыннага даення, людзей рабочых прафесій, у якіх сёння так мае патрэбу краіна, – лічыць Аляксандр Мікалаевіч.

Міхаіл Русы пагадзіўся і даручыў дапамагчы правесці мадэрнізацыю аграрна-тэхнічнага каледжа Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання. Праектна-каштарысную дакументацыю ўстанова адукацыі ўжо зрабіла за ўласныя сродкі.

Спрэчкі выклікалі і спартыўныя аб'екты, у прыватнасці, ФАК і лыжаролерная траса. У сценах ФАК, дзе будзе басейн, работы ўжо пачаты. Але Міхаіл Русы выказаў няўпэўнасць, ці зможа дарагая траса акупіць сябе. Аб'ект сапраўды нятанны, бо рабіць яго плануюць па сусветных стандартах. Збудаванне стане базай для правядзення трэніровак і спаборніцтваў як для айчынных спартсменаў, так і замежных. Тым больш што ў комплексе ўжо ёсць гасцініца. Па падліках упраўлення спорту і турызму аблвыканкама, аб'ект сябе акупіць, варта ўлічыць, што асабліва цікавяцца беларускімі спартыўнымі базамі ў прыдарожных рэгіёнах нашы суседзі, як паказвае прыклад запатрабаванай смалянамі Лядовай арэны ў Оршы.

– Тут унікальная мясцовасць, снег ляжыць да мая, трэба выкарыстоўваць такую магчымасць, каб трэніраваць нашу зборную, рыхтаваць юных алімпійцаў. Гэты аб'ект патрэбны нашай краіне, ён стане другімі «Раўбічамі», – упэўнены Аляксандр Косінец.

Поўнасцю працоўны працэс ідзе на цэнтральнай плошчы – гатоўнасць складае ўжо 50%, тут жа вядзецца рэканструкцыя кінатэатра «Радзіма». Не менш важныя аб'екты – прылеглы сквер, дзіцячы парк з атракцыёнамі і пойма ракі Гаражанкі, дзе трэба шмат папрацаваць, каб зрабіць прагулачную зону, падкрэсліў Аляксандр Ацясаў. Што тычыцца ведамасных будынкаў – суда, пракуратуры, МНС, РУЭС, следчага камітэта, ІМНС, то пытанне іх абнаўлення варта прапрацаваць з міністэрствамі. Неабходна адрамантаваць і дабудаваць існуючыя храмы, паступіла прапанова прыцягнуць да гэтага спонсараў.

Складаным пытаннем застаецца рынак у Гарадку, які зараз не адпавядае ні санітарным, ні пажарным нормам і псуе эстэтычны выгляд цэнтра горада. Адзін з варыянтаў – абсталяваць рынак на 150-200 месцаў на базе будынкаў, якія належаць кансерваваму заводу, якія зараз не выкарыстоўваюцца. Тут жа маюцца плошчы для аўтамабільнай стаянкі, склада. У тым, што трэба стварыць годныя ўмовы для працы прадпрымальнікаў, сумненняў няма. З імі, дарэчы, гэтае пытанне абмяркоўвалася ўжо некалькі разоў падчас сустрэч у Гарадку.

Шмат што трэба зрабіць, каб прывесці ў парадак дарогі, якія вядуць да Гарадку, і ў самім райцэнтры, у тым ліку правесці замену дарожнага пакрыцця, пашырэнне паласы, абсталяванне асвятлення, ліўневай каналізацыі, тратуараў. Магістраллю ад Віцебска да сталіцы фестывалю зоймецца «Віцебскаблдарбуд», яе абнаўленне абыдзецца ў 42,9 млрд рублёў, праектна-каштарысная дакументацыя зараз на экспертызе. Уздоўж трасы ўжо сёння ва ўсю вядуцца меліярацыйныя работы, вызваляюць землі ад хмызнякоў, каб увесці іх у абарот.

– Трэба і ў райцэнтры правесці меліярацыйныя работы, бо ёсць забалочаныя ўчасткі, у тым ліку ля поймы Гаражанкі. Неабходна думаць пра пляцоўкі для будаўніцтва жылля, каб горад і надалей развіваўся. Сёлета ў раёне ўвядзём 10 тыс. га ў абарот, каб адрадзіць закінутыя землі, – адзначыў Аляксандр Косінец.

Абмеркавалі таксама рэканструкцыю малочнатаварных ферм, птушкафабрыкі, лёс льнозавода, які трэба перапрафіляваць, адкрыццё вытворчага цэха «Белвеста». Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што гэта дапаможа стварыць працоўныя месцы з годнай аплатай, каб людзям не даводзілася з’язджаць на заробкі. Варта выкарыстоўваць і прыродны патэнцыял рэгіёна, яго геаграфічнае месцазнаходжанне – будаваць аб'екты прыдарожнага сэрвісу, дамы посахніка, аграсядзібы на берагах азёр.

Віцэ-прэм'ер даручыў Міністэрству аховы здароўя не толькі правесці рамонт сваіх аб'ектаў, але і аснасціць сучасным абсталяваннем раённую бальніцу і звярнуць увагу на ўсе амбулаторыі, Міністэрству культуры прадугледзець магчымасць адкрыцця 3D-кінатэатра і аснашчэння новым абсталяваннем Дома культуры.

– Варта па ўсіх напрамках прадумаць, як будуць потым загружаны аб'екты, – падкрэсліў Міхаіл Русы. – Прапрацаваць, дзе ёсць магчымасць, пытанне аптымізацыі затрат, накіраваць намаганні на першачарговыя аб'екты. Усё павінна быць зроблена добра, якасна, але без лішкаў.

Вольга Маслоўская, "Віцебскія весці"