Аргкамітэт па святкаванні 73-й гадавіны Вялікай Перамогі назваў асноўныя масавыя мерапрыемствы на Віцебшчыне

Напярэдадні 9 Мая ў аблвыканкаме збіраўся аргкамітэт па святкаванні 73-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Удзел у рабочай сустрэчы прымалі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін, намеснік старшыні гарвыканкама Пётр Падгурскі, кіраўніцтва сілавых ведамстваў, ветэранскіх арганізацый.

Ужо 4 мая адбудзецца першае масавае мерапрыемства — свята, прысвечанае 74-й гадавіне прарыву воражай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай зоны на тэрыторыі Ушацкага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны – «Мужнасці і стойкасці беларускага народа прысвячаецца!».

7 мая у Віцебскім гарвыканкаме пройдзе ўрачысты прыём ветэранаў. 8 мая – прыём ветэранаў у аблвыканкаме. У той жа дзень у канцэртнай зале «Віцебск» – урачысты сход з удзелам кіраўніцтва вобласці і горада, святочны канцэрт.

9 мая – шэсце, ускладанне вянкоў і кветак да манумента ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны на плошчы Перамогі, мітынг, далей – ускладанне кветак да бюста Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы П. М. Машэрава, а ўвечары – святочны салют. Па добрай традыцыі ў калонах пройдуць удзельнікі рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае» з партрэтамі сваіх родных або знакамітых людзей, якія вызвалялі Беларусь.

На 11 мая запланавана перапахаванне савецкіх байцоў у вёсцы Высочаны Лёзненскага раёна. Пра гэта, у прыватнасці, паведаміў Уладзімір Церанцьеў. Уладзімір Уладзіміравіч адзначыў, што напярэдадні Дня Перамогі неабходна было прывесці ў парадак больш за 1300 воінскіх пахаванняў, а таксама паклапаціцца (правесці медыцынскае абследаванне, паглядзець жыллёвыя ўмовы) аб ветэранах, якія пражываюць на Віцебшчыне. Сёння такіх 1184, з іх 166 інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, 581 – удзельнік баявых дзеянняў. Прадстаўнікі органаў улады і грамадскасці наведаюць тых, хто па стане здароўя не зможа ўдзельнічаць у святочных мерапрыемствах, і асабіста павіншуюць з 9 Мая.

— Да ветэранаў пасля заканчэння вайны заўсёды было асаблівае, трапяткое стаўленне, таму мы павінны дайсці да кожнага з іх — без выключэння, — падкрэсліў Уладзімір Церанцьеў.

"Віцьбічы".