Арнітолагі Беларусі назвалі птушку-сімвал 2015 года
У 2015 годзе пільная ўвага эколагаў, арнітолагаў і грамадскасці будзе прыкавана да вушастай савы. Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Беларусі» вызначыла чарговы раз птушку года — ёю і стала вушастая сава.
— Гэта адзін са звычайных відаў птушак, якія сустракаюцца ў нас на гняздзеванні і вядуць аселы лад жыцця, — тлумачыць дацэнт кафедры заалогіі ВДУ імя П.М.Машэрава Сяргей Дарафееў. — Яе можна сустрэць у населеных пунктах і нават у гарадскіх парках. Птушка дастаткова цікавая і карысная з пункту гледжання яе харчавання. Асноўны корм складаюць палёўкі — у дзень з'ядае як мінімум тры мышы.
Сяргей Анатольевіч распавёў пра выпадак, які адбыўся ў нашым горадзе некалькі гадоў таму. Работнікі ДАІ паведамілі арнітолагам, што на елка, якая расце літаральна побач з іх будынкам, пасялілася сава. Аказалася, вушастая сава.
Гэтая птушка мае свае адрозненні ад падобных суродзічаў — вялікія ярка-аранжавыя вочы і пучкі пёраў на галаве, так званыя вушкі. Яе знаходжанне можна вызначыць па працяглым «гу-гу» падчас токавання. Вушастая сава чымсьці падобная на філіна, але драбнейшая, займае гнёзды варанавых.
У межах абласнога цэнтра пражывае прынамсі пяць пар вушастай савы.
Алена БАШУН, "Віцьбічы"