Орша на некалькі дзён ператварылася ў цэнтр творчасці навучэнскай моладзі
6 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Орша на некалькі дзён ператварылася ў цэнтр творчасці навучэнскай моладзі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па справах моладзі Аршанскага гарвыканкама Алег Смірноваўскі.
Сёння ў горадзе праходзяць апошнія рэпетыцыі напярэдадні XIV фестывалю творчасці моладзі "Аршанскі першацвет", які адбудзецца 7-8 красавіка. Яго ўдзельнікамі стануць каля 100 маладых людзей, якія прадстаўляюць усе прафесійна-тэхнічныя і сярэднеспецыяльныя навучальныя ўстановы горада. Канкурсантам трэба будзе выступіць у намінацыях "Вакал", "Дэкламацыя", "Хареографія" і "Цыркавое мастацтва". Пераможцаў, імёны якіх будуць названы 8 красавіка, чакаюць ганаровыя дыпломы, прызы і падарункі.
Праявіць свае творчыя здольнасці ў гэтыя дні навучэнская моладзь можа не толькі ў эстрадным жанры, адзначылі ў Музейным комплексе гісторыі і культуры Аршаншчыны. На працягу тыдня ў этнаграфічным музеі "Млын" праводзіцца фестываль актуальнай сучаснай студэнцкай творчасці UnReal Student Life, у фармаце якога арганізаваны выстава візуальнага мастацтва, фантастычныя перформансы, выступленні музычных моладзевых гуртоў. На некалькі дзён музей стаў пляцоўкай для прадстаўлення самых смелых, яркіх і арыгінальных ідэй навучэнцаў Оршы. -0-