Орша адзначыць 100-годдзе з дня нараджэння Канстанціна Заслонава 12 студзеня

7 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння Канстанціна Заслонава, пройдуць у Оршы 12 студзеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Аршанскім гарвыканкаме. Мерапрыемствы пачнуцца мітынгам-рэквіемам ля помніка герою на прывакзальнай плошчы. Урачыстым шэсцем сюды пройдуць прадстаўнікі ўсіх прадпрыемстваў чыгункі станцыі Орша, ветэраны, навучэнцы, грамадскасць горада. Ганаровая варта аддасць пашану ў выглядзе салюту, а работнікі лакаматыўнага дэпо ўскладуць кветкі да манумента. Затым у мемарыяльным музеі К.С.Заслонава пройдзе акцыя "Дакрануцца сэрцам да подзвігу", у рамках якой жыхары і госці Оршы змогуць наведаць музей бясплатна і даведацца шмат новага пра знакамітага падпольшчыка на выставе "Чалавек з легенды: Заслонаў, якога мы не ведалі". Сярод іншых падзей дня - тэматычная навукова-практычная канферэнцыя, экскурсіі і прэзентацыі, сустрэчы з партызанамі. Галоўная мэта ўсіх гэтых мерапрыемстваў - прыцягнуць увагу грамадскасці, у першую чаргу моладзі, да гераічных старонак ваеннай гісторыі Оршы і Беларусі ў цэлым. Арганізатарамі выступаюць Аршанскі гарвыканкам, Мінскае аддзяленне БЧ, Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны, Аршанскі мемарыяльны музей Героя Савецкага Саюза К.С.Заслонава. Канстанцін Заслонаў - адзін з самых вядомых кіраўнікоў партызанскага руху на Віцебшчыне. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ён сфарміраваў з чыгуначнікаў Оршы партызанскі атрад. Толькі са снежня 1941 года па люты 1942-га пад кіраўніцтвам "Дзядзькі Косці" падпольшчыкі пусцілі пад адхон шэсць эшалонаў праціўніка, вывелі са строю больш за 170 паравозаў, сістэму водазабеспячэння чыгуначнага вузла, дызельна-маторную электрастанцыю і знішчылі звыш 400 гітлераўцаў. 14 лістапада 1942 года ў баі з карнікамі ля вёскі Куповац Сянненскага раёна легендарны камбрыг загінуў.-0-