Орша перадала Слуцку эстафету культурнай сталіцы Беларусі








– Рэспубліканская акцыя «Культурная сталіца года» стала добрай традыцыяй і трывала ўвайшла ў культурнае жыццё краіны, – адзначыў Валерый Грамада. – Ворша на працягу ўсяго 2022 года годна пранесла гэты тытул. Тут прайшло шмат яркіх мерапрыемстваў. Адны са знакавых – адкрыццё ваенна-гістарычнага музея імя Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава, Дома культуры ў Барані. У горадзе рэалізавана серыя выставачны праектаў, тут выступілі вядомыя прафесійныя артысты беларускай эстрады. Нельга не адзначыць, што жыхары Аршаншчыны сталі больш актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх культурных мерапрыемствах. Калі казаць пра саму акцыю, то гэта падвядзенне вынікаў усяго года. Год пачынаўся з уручэння Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам прэміі «За духоўнае адраджэнне», спецыяльнай прэміі дзеячам культуры і мастацтва. Маштабна прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня Перамогі, Дня Незалежнасці, Дня Народнага адзінства. Перамогамі былі адзначаны нашы артысты на «Славянскім базары ў Віцебску», міжнародным кінафестывалі «Лістапад» і інш. Я хачу сказаць, што культура ў нашай краіне жыве, ідзе ў нагу з часам, развіваецца. І ўсе ўмовы для гэтага створаны.








