Орша прыме 22 красавіка ўдзельнікаў расійскай патрыятычнай акцыі "Дарога славы"

21 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Орша першай з беларускіх гарадоў прыме 22 красавіка ўдзельнікаў расійскай патрыятычнай акцыі "Дарога славы", прысвечанай 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы Аршанскага гарвыканкама. Напярэдадні святкавання вялікай даты па дарозе славы пройдзе спецыяльна сфарміраваны чыгуначны састаў. Яго пасажырамі стануць ветэраны ВАВ - тыя, хто ў першыя дні вайны абараняў заходнія рубяжы СССР, прымаў удзел у аперацыі "Баграціён" і іншых гераічных бітвах, а таксама каля 300 прадстаўнікоў дзіцячых і моладзевых грамадскіх аб'яднанняў, патрыятычных клубаў Масквы. Акцыя стартуе 22 красавіка ў расійскай сталіцы і ўжо ўвечары таго ж дня цягнік прыбудзе ў Оршу. Праграмай прадугледжана правядзенне ўрачыстых мітынгаў на станцыях па шляху следавання, наведванне памятных месцаў, ускладанне кветак і вянкоў, а таксама экскурсіі. У Оршы мітынг і канцэрт пройдуць на імправізаванай сцэне ля помніка Канстанціну Заслонаву, устаноўленаму каля чыгуначнага вакзала. Аршанцы рыхтуюць для ветэранаў святочны феерверк, які сімвалізуе першыя залпы знакамітых "катюш". Маршрут акцыі праходзіць праз Маскву, Вязьму, Смаленск, Оршу, Мінск і Брэст. Разам з ветэранамі моладзь праедзе па цяжкім для Чырвонай арміі шляху адступлення ад Брэста да Смаленска летам 1941 года, шляху пераможнага вызвалення роднай зямлі ў 1944 годзе і вяртання ў Маскву, дзе ў чэрвені 1945 года на Парадзе Перамогі воіны-пераможцы кінулі сцягі і штандарты пераможанага ворага. Арганізатарам акцыі выступае Камітэт грамадскіх сувязей урада Масквы.-0-