Орша стала 24-м беларускім горадам, які далучыўся да міжнароднай ініцыятывы «Горад, дружалюбны дзецям».
На ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі старшыня Аршанскага райвыканкама Мікалай Лісоўскі, намеснік прадстаўніка ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь Вікторыя Лозюк, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Надзея Васільчанка, прадстаўнікі мясцовай улады і Маладзёжнай палаты.
Як распавёў начальнік аддзела адукацыі Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі, удзел у ініцыятыве «Горад, дружалюбны дзецям» адкрывае перад аршанцамі новыя перспектывы і дазволіць больш эфектыўна ажыццяўляць сацыяльную палітыку ў дачыненні да непаўналетніх, павысіць узровень прававой культуры падрастаючага пакалення, вырашаць многія праблемы з улікам меркавання дзяцей і моладзі.
– Сёння ў нашым раёне пражывае каля 29 тысяч дзяцей, - адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. – Установы дашкольнай і школьнай адукацыі задавальняюць запыты вучняў і бацькоў. Створаны ўсе ўмовы для заняткаў фізкультурай і спортам.
Падрастаючае пакаленне актыўна і ў сацыяльным плане: у красавіку 2015 года з'явілася Маладзёжная палата са складу лепшых старэйшакласнікаў горада. У раёне адноўлена цімураўскі рух, працуюць 11 узорных калектываў, ваенна-патрыятычныя класы, класы МНС, ваенна-патрыятычны клуб "Русічы".
Лядовая арэна стала адным з пяці найбуйнейшых спартыўна-відовішчных комплексаў краіны, па праграме "Газпрам - дзецям" уведзены ў эксплуатацыю шматфункцыянальны спартыўны комплекс з лыжаролернай трасай "Алімпіец".
У дзіцячым парку "Казкіна краіна" адкрыты іміджавы аб'ект Аршанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях. На стадыі завяршэння будаўніцтва ясляў-сада на 200 месцаў у мікрараёне-новабудоўлі. Сталі традыцыйнымі дзіцячыя фестывалі "Буду зоркай",«Аршанскі першацвет», акцыя «Я выбіраю здароўе!», конкурсы «Выток», «Вучань года». Тут урачыста ўшаноўваюць пераможцаў алімпіяд, выпускнікоў. Масава і відовішчна праходзяць мерапрыемствы да Дня абароны дзяцей, міжнародныя конкурсы «Паруса надзеі», «Апельсінавая бяроза» і многія іншыя. Юныя аршанцы ўстанавілі сяброўскія сувязі з дзецьмі з Расіі, Германіі, актыўна развіваюцца беларуска-кітайскія адносіны.
Вольга Лебедзева, «Віцебскія весці». Фота з адкрытых крыніц.