"Аршааграпрамаш" распрацаваў шматфункцыянальны прычэп

25 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Аршааграпрамаш" распрацавала шматфункцыянальны прычэп, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Ігар Сінякоў. Дзякуючы бортам-трансформерам прычэп "Дзвіна" аб'ёмам 15 куб.м можа выкарыстоўвацца ў якасці раскідвальніка арганічных угнаенняў, для перавозкі сыпучых грузаў (пясок, збожжа), сенажнай масы і іншых мэт. "Шырокія магчымасці прымянення і канкурэнтная цана ў параўнанні з аналагічнай тэхнікай замежных вытворцаў дазволяць навінцы аршанскіх вытворцаў заваяваць сваё месца на рынку", - упэўнены Ігар Сінякоў. Ён адзначыў, што зацікаўленасць у яе набыцці ўжо выказалі некаторыя прадпрыемствы Беларусі. Эксперыментальны ўзор прычэпа практычна гатовы. У бліжэйшыя дні ён адправіцца на выпрабаванні, па выніках якіх з улікам попыту ўсталюецца памер першай партыі. Ігар Сінякоў таксама адзначыў, што гэта не першая навінка бягучага года. Раней прадпрыемства ўжо асвоіла капітальны рамонт раскідвальнікаў арганічных угнаенняў ПРТ-7 і ПРТ-10 (прыраўноўваецца да распрацоўкі) і двух прычэпаў рознай канструкцыі для перавозкі і раздачы кармоў на жывёлагадоўчых фермах. За студзень-жнівень прадпрыемства вырабіла тэхнікі на Br5,2 млрд, што на 29,2% вышэй за аналагічны ўзровень мінулага года. Рэнтабельнасць рэалізацыі за паўгоддзе склала 3,5%. На $116 тыс. экспартавана рознай тэхнікі ў Расію і Венесуэлу. Пэўных поспехаў прадпрыемству ўдалося дасягнуць у сферы зберажэння энергетычных рэсурсаў. Так, за кошт жорсткага рэжыму эканоміі і вываду з эксплуатацыі старой кацельні, замест якой цяпер працуюць катлы на мясцовых відах паліва, паказчык па энергазберажэнні склаў мінус 103%. ААТ "Аршааграпрамаш" спецыялізуецца на вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі. У цяперашні час на заводзе працуюць звыш 270 чалавек.-0-