Аршанец за спробу забойства супрацоўніка ДПС і дружынніка асуджаны да 13 гадоў пазбаўлення волі

1 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Да доўгага тэрміну пазбаўлення волі прыгавораны аршанец за напад на супрацоўніка ДПС у Сенненскім раёне, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік пракурора Віцебскай вобласці Аляксандр Сідаровіч. Здарэнне адбылося каля вёскі Шылкі Сенненскага раёна. Позна ўночы, знаходзячыся пры выкананні службовых абавязкаў, супрацоўнік ДПС з мэтай праверкі дакументаў спыніў аўтамабіль "Пежо". Кіроўца машыны, 18-гадовы аршанец, аказаўся п'яны. Пасля складання пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні па рашэнні супрацоўніка міліцыі ён быў адхілены ад кіравання. Каб даставіць аўтамабіль на штрафстаянку, супрацоўнік ДПС перасеў у "Пежо", а няшчаснаму кіроўцу прапанаваў заняць месца пасажыра ў службовым аўтамабілі. Раз'юшаны хлопец з нажом накінуўся на кіроўцу-дружынніка і міліцыянера, нанёс ім некалькі удараў і паспрабаваў збегчы на сваім аўтамабілі. Далёка з'ехаць парушальніку не ўдалося. Нават з цяжкімі раненнямі супрацоўнік ДПС змог прымяніць табельную зброю і прастрэліць колы "Пежо". За замах на забойства супрацоўніка праваахоўных органаў і дружынніка, якія выконвалі грамадскі абавязак, рашэннем Віцебскага абласнога суда малады чалавек асуджаны на 13 гадоў пазбаўлення волі. Прыгавор пакуль не ўступіў у законную сілу ў сувязі з правам абвінавачванага на яго абскарджанне.-0-