Аршанка Аліна Талай заняла 3-е месца на міжнародным турніры па бегу ў Італіі

Бегуха Аліна Талай заняла трэцяе месца ў бегу на 100 м з бар'ерамі на міжнародным турніры Meeting Cittа di Padova, які праходзіў у Італіі.

Лідар беларускай зборнай у спрынтарскіх дысцыплінах стала бронзавым прызёрам, паказаўшы час 13,02 сек. Абышлі беларуску прадстаўніцы ЗША Куін Харысан (12,84 сек.) і Доун Харпер-Нэльсан (12,86 сек.). Заакіянскія бегухі размянялі бар'ер у 13 сек., працягваючы падрыхтоўку да чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы, які пройдзе ў Лондане з 4 па 13 жніўня.


Адзін з лідараў беларускай зборнай Аліна Талай засталася незадаволена сваім вынікам. Для выхаду ў фінал на сусветным форуме неабходна бегчы хутчэй за 13 секунд. Фаварыт маючага адбыцца ў жніўні чэмпіянату – яшчэ адна амерыканка, Кендра Харысан, 4 ліпеня ў Венгрыі паказала вынік 12,28 сек., што з'яўляецца лепшым вынікам сезона ў свеце.

– У Італіі для мяне былі заключныя спаборніцтвы перад чэмпіянатам свету ў Лондане. На жаль, час быў зусім не хуткі – толькі 13,02 сек. Напэўна, у падрыхтоўцы нешта пайшло не так, як трэба, і я ўсё яшчэ не магу выйсці на свае высокія вынікі. Я не здаюся і буду змагацца да канца ў Лондане, каб паказаць лепшы час, – адзначыла Аліна Талай.

Спаборніцтвы ў жанчын у бегу на 100 м з бар'ерамі на чэмпіянаце свету пройдуць на працягу двух дзён: кваліфікацыя і паўфінал 11 жніўня, 12 жніўня – фінал.

БелТА.