Аршанская птушкафабрыка асвоіла вытворчасць меланжу
30 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Аршанская птушкафабрыка" асвоіла вытворчасць меланжу, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Анатоль Пашкевіч.
Рэалізацыя праекта па мадэрнізацыі цэха перапрацоўкі яек пачалася ў 2009 годзе. За гэты час птушкафабрыка правяла рэканструкцыю вытворчага памяшкання і набыла французскае абсталяванне коштам Br2,3 млрд., магутнасці якога разлічаны на перапрацоўку 80 тыс. яек у змену. У цяперашні час лінія задзейнічана на 90%. На ёй выпускаецца яечны парашок і новы для прадпрыемства від прадукцыі - меланж, які шырока ўжываецца ў вытворчасці мяса-малочных і кандытарскіх вырабаў. Акрамя таго, абсталяванне дазваляе падзяляць бялок і жаўток.
Па праграме тэхпераўзбраення ў гэтым годзе на птушкафабрыцы праводзіцца таксама рэканструкцыя двух птушкагадоўчых цэхаў. З пачатку года на гэтыя мэты было накіравана Br2 млрд. Завяршыць усе работы плануецца да кастрычніка. Вынікам праекта стане павелічэнне пагалоўя курэй-нясушак з 36 тыс. да 56 тыс. у кожным цэху.
Аршанская птушкафабрыка ў студзені-ліпені вырабіла прадукцыі на Br17 млрд., або 120% да аналагічнага ўзроўню мінулага года. Асноўная частка прадукцыі рэалізуецца на тэрыторыі Беларусі. Звыш 30% выпускаемых яек экспартуецца ў Расію.-0-