Аршанскія міліцыянты за гадзіну раскрылі здзейсненае з асаблівай жорсткасцю забойства

16 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Усяго гадзіну спатрэбілася аршанскім міліцыянтам і работнікам пракуратуры, каб раскрыць забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА следчы-крыміналіст пракуратуры Віцебскай вобласці Аляксандр Казакоў. Паводле яго слоў, злачынства здзейснілі мясцовы непрацуючы жыхар 1983 года нараджэння і вучань 9-га класа. Ахвярай разгарачаных алкаголем маладых людзей стаў 53-гадовы аршанец, які не своечасова пастукаўся ў акно. Мужчыну, які ім не спадабаўся, яны жорстка збілі, нанёсшы больш за дзесяць удараў па галаве і целе, а труп кінулі ў адным з суседніх двароў, дзе яго і выявілі выпадковыя мінакі. "Як потым патлумачылі зламыснікі, зрабілі яны гэта без асаблівай на тое прычыны", - сказаў Аляксандр Казакоў. Маладыя людзі затрыманы. У дачыненні да іх узбуджана крымінальная справа. Вядзецца следства.-0-